У Мінску на лета пачалі адключаць начное асвятленне вуліц і двароў
Апоўначы будзе гаснуць адзін ліхтар з трох. Такім чынам сталічныя ўлады збіраюцца зэканоміць амаль паўмільёна долараў.
"Кожны год да нас даводзіцца праграма па энергазберажэнні. У сувязі з гэтым з 17 траўня па 31 жніўня па Мінску асвятленне будзе працаваць без адной трэцяй у вячэрнім рэжыме", — распавёў Еўрарадыё галоўны інжынер "Мінскгарсвятла" Дзмітрый Сырамалотаў.
Адключаць святло будуць з 24 гадзінаў да 5-й раніцы. Такія меры эканоміі прынятыя Саветам міністраў да 2012 года. (пастанова № 248 ад 22 лютага 2010 года "Аб мерах эканоміі паліўнаэнергетычных рэсурсаў да 2012 года".)
Адключэнні датычацца не толькі вуліц, але часткова і двароў. Звязана гэта перш за ўсё з самой схемай асвятлення.
“Шафы вонкавага асвятлення часта звязваюць вуліцу і двары. Таму калі вуліца адключаецца часткова, то, бывае, адключаецца і дваровае асвятленне, бо сілкуецца з адной крыніцы”.
Адключаць павінны толькі адну трэцюю частку ліхтароў. Гэта значыць, што калі ёсць тры асвятляльнікі, гарэць будзе толькі два, тлумачыць Дзмітрый Уладзіміравіч.
Але ў некаторых дварах у раёне вуліцы Жукоўскага, напрыклад, было зусім цёмна: не гарэў ніводзін ліхтар.
“Я заязджаў на машыне ў свой двор акурат апоўначы. Бах! Усё згасла. У двары нічога не відаць, а машыны — адна на адной. Баяўся, што пакарабачу усе аўтамабілі навокал. Было цёмна, нібы ў лесе. І ліхтары так потым і не ўключылі”, — распавёў нам жыхар вуліцы Жукоўскага Алег.
У “Мінскгарсвятле” тлумачаць такое здарэнне дробнымі аварыямі, але пры гэтым адзначаюць, што ў дварах святло на лета застанецца — праўда, мінімальна.
Дзмітрый Сырамалотаў: “Адключэнні пачаліся 17 траўня, можа пасля зімы былі аварыі. Да нас ідуць заяўкі, мы іх ліквідуем. Разумееце, не бывае ўсё гладка. Зразумела, двары павінны гарэць. Не цалкам, але часткова”.
Чакаецца, што за кошт гэтых мераў зэканоміць атрымаецца каля 2,7 мільёнаў кілават-гадзін, а гэта каля 400 тысяч долараў.