У Рыгора Барадуліна цяжкі пералом пляча, зрабілі аперацыю

Перад самым Новым годам касцельная карэктарка папрасіла дзядзьку Рыгора прыехаць падпісаць кнігі, якія раней выходзілі пры дапамозе Касцёла. Сябры паэта дагэтуль задаюцца пытаннем: чаму нельга было перадаць яму гэтыя кнігі на подпіс дадому?.. Але назад падзеі ўжо не адматаеш.

“Перад самым Новым годам Рыгор быў у касцёле, і ўжо збіраўся дамоў ехаць, — распавядае Валянціна Барадуліна, жонка паэта. – Яму выклікалі машыну, ён ужо хацеў сядаць, паслізнуўся – і паваліўся на левы бок… І раздрабіў сабе левае плячо… Гэта было ўвечары. Калі яго прывезлі дамоў, я не зразумела адразу, што гэта – думала, удар проста. А раніцай як агледзелі, што там фіялетавыя плямы… Цяпер яны расплыліся па ўсім целе – увесь жывот, і нават на спіне, такая моцная гематома. Выклікалі хуткую, яго завезлі ў 6-ю клініку, аддзяленне траўматалогіі. Там зрабілі рэнтген – высветлілася, што ў яго зламанае плячо…”

У лякарні народнаму паэту спачатку выпала глядзець індыйскае кіно.

 

Валянціна Барадуліна: “Спачатку яго пасялілі ў шасцімесную палату, дзе на сцяне быў тэлевізар, па якім ішло індыйскае кіно – крычыць на ўсю галаву. Але ён там і пабыў, можа, каля гадзіны. А пасля яго перавялі ў двухмесную палату. Там быў дужа добры хлопец, які яму дапамагаў – але яго выпісалі. Таму цяпер я практычна ўвесь час там праводжу, каб яму дапамагаць”.

Жонка Валянціна Міхайлаўна -- як анёл-ахоўнік Рыгора Барадуліна, сядзіць пры ім цяпер практычна ўвесь час.  

Некалькі дзён лекары не спяшаліся з прыняццем рашэння. Бо даваць агульны наркоз чалавеку са слабым сэрцам у 77 гадоў – значыць, паставіць яго жыццё пад вялікую пагрозу. Рыгора Барадуліна аглядалі самыя дасведчаныя лекары ў гэтай галіне. Урэшце вырашылі рабіць аперацыю пад мясцовым наркозам.

 

Валянціна Барадуліна: “Учора яму зрабілі аперацыю раніцай. Быў мясцовы наркоз – замарожвалі верхнюю частку пляча. Потым давалі абязбольваючыя ўколы, на ноч нават з нечым наркатычным, каб ён мог паспаць. Уколы дапамаглі – бо сёння ў яго твар ужо ружавейшы. Уставілі яму штыр нейкі ў плячо... Ён жартуе, што шампур для шашлыкоў уставілі, каб заўжды з сабой быў”.

У дадзеным выпадку мясцовы наркоз не гарантаваў поўнага абязбольвання, але быў адносна бяспечны для жыцця.

Валянціна Барадуліна: “Доктар сказаў, што ён дужа мужна трымаўся на аперацыі. Бо ён жа быў пры памяці. Вытрымаў усё. Хоць і прызнаўся мне, што ўсё адно было балюча, нягледзячы на замарозку”.

Дзядзька Рыгор і раней хадзіў з кіёчкам, а тут яшчэ і левая рука выйшла са строю...

 

Прагнозы лекараў – што яшчэ дзён 5-6 паэту давядзецца пабыць у шпіталі, а потым адправяць далечвацца дадому. А пакуль што Рыгора Бурадуліна наведваюць сябры. Бо звычайна дзядзька Рыгор па злой традыцыі трапляе ў лякарню на ўласны Дзень нараджэння. А тут на шпітальным ложку ён сустрэў Новы год.

 

Валянціна Барадуліна: “Някляеў некалькі разоў наведваў, хлопцы-мастакі наведвалі, знаёмы доктар Ігар Сарокін, Сяргей Шапран, шмат хто…”

 

Уладзімір Някляеў заўжды наведвае сябра ў шпіталі. Здымак з архіва.


Еўрарадыё зычыць Рыгору Барадуліну хутчэйшага выздараўлення!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі