У Варшаве дыскутавалі аб беларускай культуры (фота)
У Беларускім доме ў польскай сталіцы адбылася прэзентацыя "Даклада пра стан незалежнай культуры і НДА ў Беларусі".
У Беларускім доме ў польскай сталіцы адбылася прэзентацыя "Даклада пра стан незалежнай культуры і НДА ў Беларусі". Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Фонд культура Энтэр і Інфармацыйнае бюро салідарнасці з Беларуссю.
Даклад быў выдадзены ў выглядзе кнігі на польскай і англійскай мовах. Прадставілі яе з беларускага боку беларускі філосаф Валянцін Акудовіч і артыст, адзін са стваральнікаў "Народнага альбому" Міхал Анемпадыстаў. На жаль прыехаць на прэзентацыю не змог рэдактар польскага грамадска-культурніцкага інтэрнэт-часопіса "Kultura Enter" Павел Лаўфер. У яго зламаўся аўтамабіль па дарозе з Любліна ў Варшаву.
Даклад паводле сваёй задумы мусіць выправіць недахоп ведаў пра беларускую незалежную культуру і беларускі "трэці сектар". У большай ступені ён накіраваны на замежнага чытача.
Гэта кніга першая з серыі 7 кнігаў пра беларускую культуру у межах праекту "Даклад пра стан незалежнай культуры і НДА ў краінах Усходняга Партнёрства і ў Расіі". Пры гэтым Валянцін Акудовіч выказаў спадзяванне, што гэтыя даклады ў выніку стануць асновай для паўнавартаснай беларускай энцыклапедыі культуры.
Аўтарамі тэкстаў да кнігі выступілі Лявон Вольскі, Ніна Шыдлоўская, Андрэй Кудзіненка ды іншыя. Пасля прэзентацыі кнігі Акудовіч і Анемпадыстаў адказалі на пытанні прысутных.