Ва Украіне за тэставаннем сочаць назіральнікі, а ў Беларусі тыя, хто тэстуе
На сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў абітурыент можа ўбачыць толькі колькасць сваіх балаў і колькасць правільных адказаў.
Ля стэнда БДУ вывешваюць вынікі тэставання па рускай і беларускай мовах. Маці адной з абітурыентак даведваецца, што дачка здала на 80 балаў. Пашанцавала!
“Збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Вось, першы іспыт 80. Рускую мову здавала. Было нескладана, кажа. Але, вось, рэпетыцыйнае тэставанне можна праверыць, а гэта - не”, - задумваецца Ірына Міхайлаўна, маці абітурыенткі.
“Я напісаў на 56 балаў. У прынцыпе, такога і чакаў. Было не вельмі складана, але пэўныя моманты, трэба было падумаць”, - расказвае абітурыент Антон. Збіраецца паступаць у БНТУ.
Як жа ўбачыць свае памылкі ў тэставанні? Пытаемся ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў.
“Пасля 4 ліпеня мы друкуем зборнікі ўсіх дзесяці варыянтаў тэстаў. Там можна паглядзець свае заданні. Гэта як элемент апеляцыі. І гэта да падачы дакументаў, таму абітурыент можа ўбачыць, што ёсць там памылка. І падчас тэставання абітурыент можа заявіць, што некарэктна састаўленае пытанне і заўвагу ўнясуць у пратакол”, - расказвае дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў.
Ва Украіне за тэставаннем сочыць недзяржаўная арганізацыя. І знаходзіць памылкі.
“У нас ёсць рэсурс пры Міністэрстве адукацыі, праз яго абітурыенты могуць паглядзець свае вынікі і правільныя адказы праз нейкі час. Ёсць грамадская арганізацыя “Опора”, якая адсочвае, як праходзіць тэставанне. І ў іх узнікаюць пытанні: напрыклад крытыкавалі тэсты, бо там было шмат памылак па матэматыцы летась. Былі памылкі па ўкраінскай мове”, - расказвае кіеўская журналістка Наталка Васюцін.
У Беларусі незалежных назіральнікаў на тэставанні няма. І пра памылкі ў тэстах таксама не чуваць.
“Сваю працу абітурыенты могуць убачыць толькі на апеляцыі. А апеляцыю, вядома ж, можна падаць”, - расказваюць пра расійскі Адзіны дзяржаўны экзамен у Федэральнай службе па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі.
“Кантроль тэстаў неабходны. Але ў нас няма тых структур, якія гэта б маглі рабіць. Узнікаюць пытанні, бо абітурыент бачыць толькі вынік. А якія там памылкі, ці правільна там – усё гэта спісваецца на падлік машыны. Адваротнай працэдуры няма, нельга праверыць аб’ектыўнасць”, - кажа эксперт агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч.
“У Інстытуце кантролю… нічога пра гэта не чулі. Няма звестак, пра тое, што іх правяралі”, - кажуць Еўрарадыё ў Дзяржкантролі.
Дзіўна, што з боку за тэставаннем не сочаць, а Інстытут кантролю ведаў адразу і назіральнік і… выканаўца.
Фота - Еўрарадыё.