Віктар Цярэшчанка: Самым падрыхтаваным чалавекам лічу сябе!

У новым відэапраекце Еўрарадыё "Кандыдата ў студыю!" Віктар Цярэшчанка патлумачыў, чаму 16 гадоў таму падтрымаў Лукашэнку, паабяцаў утрая скараціць міліцыю і тэрмінова адмяніць размеркаванне, а таксама праспяваў сваю ўлюбёную песню.



–Які ў вас ідэал палітычнага лідэра?


–Я б назваў і сённяшняга канцлера Нямеччыны, і кіраўніка Францыі спадара Сарказі, і назваў бы нават Буша, які прыйшоў энергічна і пачаў праводзіць пераўтварэнні. Але вельмі важныя не толькі дэмакратычныя дзеянні, але і неагрэсіўныя дзеянні з боку краіны. 

–Ці ёсць у вас улюбёная кніга?

–Гэта, безумоўна, кніга Шолахава, якая раскрывае жыццё казака, грамадзяніна, селяніна. І той перыяд.

–Вы маеце на ўвазе “Ціхі Дон”?

– “Ціхі Дон”, так. І галоўнае, яна мне неяк бліжэй, я яе адчуваю.

–Лагічна меркаваць, што і любімая песня ў вас якая-небудзь казацкая, ці я памыляюся?

–Гэта ад маіх бацькоў. Мне памятаецца народная песня вось такая:

А кто-то с горочки спустился,
Наверно, милый мой идёт.

Гэта песня такая, якую, можа быць, больш жанчыны спяваюць. Але… за душу кранае.

–На ваш погляд, у колькі разоў заробак прэзідэнта можа перавышаць заробак настаўніка ці медыка?

–Максімум у 5. Калі, да прыкладу, у эквіваленце заробак медыка складае 300 еўра, то ў прэзідэнта можа быць максімум 1500 еўра.

–Як вы ставіцеся да сэксуальных меншасцяў?

–Гэта права грамадзяніна. І калі грамадзяніну ёсць 18 гадоў, то гэта яго права. Гэта як і сяброўства ў іншай галіне – у партыі, у аб’яднанні, у волевыяўленні. Але зразумела – калі ён не парушае закон.

–Калі зараз Віктар Цярэшчанка залезе ў кішэню і дастане кашалёк – колькі грошай там будзе?

–Адкрываю пры вас. У мяне 170 тысяч 100 рублёў, далей ёсць, нават чуваць, што я дастаю, 20 долараў, з таго, што ёсць у кішэні, таксама 1420 расійскіх рублёў і 20 еўра.

–Як вы дома, у прыватных умовах, звяртаецеся да сваёй жонкі?

–Нічога такога я б не выдзеліў асабліва – нармальныя чалавечыя зносіны. Але! Павага да асобы!

–Ці ёсць у вас сямейная традыцыя, якой вы пастаянна прытрымліваецеся, да якой абавязкова звяртаецеся?

–Гэта – усе дні народзінаў усе разам. Як нашай сям’і, так і сваякоў па лініі жонкі, па лініі маіх бацькоў. Абавязковыя віншаванні з днём народзінаў, навагоднія. Ну, і нацыянальныя святы. Да прыкладу, 8 сакавіка.

–З сённяшняга нашага календара якія б святы вы выкраслілі, якія там не павінны быць?

–Гэта – 7 лістапада. Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі я імгненна прыбраў бы.

–А якія б дадалі?

–Я думаю, што гэта было б нейкае рэлігійнае свята. І безумоўна – Дзень Рэспублікі. Калі гэта ў нас лічыцца 3 ліпеня, то хай будзе 3 ліпеня.

–Колькі сёння ў сярэднім каштуе пляшка гарэлкі?

–Калькі браць беларускую гарэлку сярэдняй якасці, то гэта каля 3,5 еўра. Дзесьці так.

–А колькі, на ваш погляд, бутэлька гарэлкі ў нашай краіне павінна каштаваць?

–Я думаю, што мінімум у два разы вышэй.

–Колькі ў вас сапраўды блізкіх сяброў і ці ўдзельнічаюць яны ў вашай прэзідэнцкай кампаніі?

–Калі не лічыць жонку і сваякоў, а глядзець знешне, то ў кожнага з нас, француз ён, немец, паляк ці беларус, не больш за 2-3 такіх сябра. Дык вось усе яны сёння ў складзе ініцыятыўнай групы.

–У якую паліклініку вы ходзіце, калі раптам прычэпіцца якая хвароба?

–Адчуваю сябе добра. Хаджу ў паліклініку №4. Гэта побач, у Вяснянцы, дзе я жыву ў Мінску.

–Ці бралі вы калі-небудзь крэдыт і калі бралі, то на што?

–Я ўзяў крэдыт летась у снежні, у 2009 годзе. На спажывецкія патрэбы для набыцця тавараў. Сорамна сказаць – у памеры 3 мільёнаў рублёў. Гэта прыблізна 1 100 долараў. Я плаціў да жніўня і сказаў: “Гасподзь! Куды гэта мяне прывяло!” Я пайшоў у банк, аддаў усе грошы і сказаў: “З беларускімі банкамі, дзе прысутнічаюць 17% плюс камісійныя, я больш ніколі не буду мець справы!” Гэта нейкая дурасць прысутнічае ў беларускіх банках, гэта нейкія паборы!

–Распавядзіце, калі ласка, першы анекдот, які прыйдзе ў галаву.

–Я думаю гэты анекдот вельмі актуальны. У калгасе “Шлях да камунізму” на парадку дня пытанне: “Паважаныя калгаснікі, у нас вельмі шмат гною. Прададзім суседняму калгасу “Шлях да сацыялізму” ці самі з’ядзім?” Праўленне галасуе: “Самі з’ядзім, але нікому не дадзім”.



–Чаму вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?

–Атрымалася так, што сёння ў нас шмат крыкуноў, але ж мы кажам не пра лідарства ў партыі і не пра тое, каб быць старшынёй калгаса. Мы кажам пра дзяржаву. Паглядзіце, каго не вазьмі: досведу няма дзяржаўнага (я не кажу пра палітычны ў партыі), ведаў няма альбо мала, дэпутатам парламента ніхто не быў. Самым падрыхтаваным чалавекам лічу сябе. Выбачайце, я не лічу, што вельмі ўжо сябе нахвальваю. Я вымушаны быў гэта зрабіць, бо ведаў, што будуць слабыя. Хто можа супрацьстаяць дзеючаму прэзідэнту, калі ўсе такія хлопчыкі па адукацыі, па ўзроўні, па даверу з боку выбаршчыкаў? І застанецца ранейшы прэзідэнт. А я гэтага не хачу. Вось чаму я і вылучыў сваю кандыдатуру.

–У галаве амаль у кожнага беларуса: “Лукашэнка – стабільнасць”. А Цярэшчанка – гэта што? Што вы прапануеце людзям?

–Я спачатку адкаментую. Зразумела, ідэалагічная служба прэзідэнта працуе. Мы даўно пабудавалі 5 разоў камунізм, усіх забяспечылі ўсім, чым заўгодна і нават кошты знізілі. Мы за 16 гадоў гэта пабачылі. Што зраблю я? Першае і галоўнае: даць магчымасць чалавеку паўдзельнічаць у матэрыяльнай вытворчасці на прадпрыемстве альбо ў паслугах – у цырульні. Быць гаспадаром. Я выступіў за тое, каб кожны чалавек максімальна, па яго жаданні, быў акцыянерам. Увесь свет так жыве!

–Адказваючы на першае пытанне вы сказалі: “Я не хачу, каб Лукашэнка заставаўся прэзідэнтам”. Падчас першай прэзідэнцкай кампаніі вы зняліся на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Пазней шкадавалі пра гэты свой учынак?

–13 траўня 1994 года, набраўшы 92 з нечым тысячы, трэба было і тады 100 тысяч назбіраць, я зняўся на карысць Лукашэнкі. Мы памятаем той перыяд. Тады было дзве кандыдатуры: Лукашэнка і Кебіч. І тады мы бачылі рэзкае зніжэнне рэальных прыбыткаў насельніцтва, рост беспрацоўя і галоўнае – дрэнныя паводзіны Кебіча. Я не буду ўзгадваць, мне сорамна зараз казаць гэта ў эфіры. Але мне было не зразумець: чаму чалавек так вольна сябе паводзіў. І калі я сустрэўся з Аляксандрам, ён адказаў на некалькі пытанняў, якія я яму задаў: “Так, Віктар, я рыначнік! Так, Віктар, я буду падтрымліваць! Так, Віктар!” Ён практычна сыграў на тым, каб на мае пытанне сказаць: “Так”. І я зняў сваю кандыдатуру і падтрымаў гэтага чалавека. Але я хачу сказаць, што я не шкадую. Лічу, што за ўсё, што зрабіў Лукашэнка яму вялікі дзякуй ад большасці беларусаў. Гэта і пытанні прыватызацыі, і пытанні стабільнасці. У рэшце – у нас жа ўсё больш менш нармальна. Другое пытанне, што мы топчамся на месцы і меншымі тэмпамі ідзем наперад, чым тыя ж Польшча ці Прыбалтыка. Але пытанні ў тым, што Аляксандр – персона нон-грата. А я веру прэсе, я бачу, што адбываецца. Калі я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13 склікання злева ад мяне сядзеў Віктар Ганчар. Гэта мой сябра! Яго няма. 

Я думаю, што час яго прайшоў. Я мяркую, што яму трэба сказаць: “Дзякуй”, даць гарантыю абароны, ганаровага, калі хочаце, прэзідэнта, прапанаваць яму высокую пасаду – калі будуць саюзныя адносіны, то хай абіраецца прэзідэнтам Саюза. Але ролю першай асобы і кіраўніка Беларусі ён выканаў. Нельга далей быць! Гэта будуць праблемы не толькі яго – гэта будуць праблемы Беларусі.

–Ёсць у вас людзі, якіх можна паставіць на месцы сённяшніх міністраў, губернатараў?

–Такія людзі ёсць. Але калі глядзець агульна, то шмат хто застанецца з сённяшніх. Вось я – прэзідэнт Беларусі. І калі грамадзяне Беларусі не парушалі закон, кіруючы раёнам, давалі прыклад паводзінам іншым грамадзянам, паводзілі сябе нармальна – яны застануцца. Зразумела, калі яны маюць аўтарытэт. Але калі гэтыя людзі цалавалі кагосьці і так зацалавалі, што парушылі закон, то яны працаваць не будуць.
 
–Пры вас які лёс чакае такія структуры, як “Белая Русь” і БРСМ?

–Я не хачу пра іх увогуле казаць. Гэта людзі, якія фінансуюцца з удзелам прэзідэнта, фінансуюцца за кошт нас – падаткаплацельшчыкаў, з бюджэту. Каб дагаджаць капрызам кіраўніка дзяржавы.

–Што пры вас будзе з міліцыяй?

–Навядзенне парадку ў гэтым накірунку – абавязкова і імгненна! Але не рэвалюцыйным шляхам. Там вельмі шмат спецыялістаў, якія служаць дзяржаве, але не чалавеку. Трэба паглядзець уважліва, правесці атэстацыю і скараціць для пачатку хаця б у 3 разы. Не ў 2 і не ў 4. Бо тая іх колькасць на душу насельніцтва, якая прысутнічае, яно, я не хачу пакрыўдзіць нейкую афрыканскую дзяржаву, але вельмі шмат.

–Што з нерэнтабельнымі прадпрыемствамі вы прапануеце зрабіць: зачыніць ці штучна падтрымліваць?

–Зачыніць у большасці выпадкаў немагчыма. Таму – акцыянаванне альбо змена структуры прадпрыемства. Іншага шляху, больш разумнага, у нашых умовах няма. 

–Не на ўсе прадпрыемствы прыйдзе інвестар, некаторыя збанкрутуюць і будуць новыя беспрацоўныя. Ці ёсць у вас праграма: куды падзець гэтых беспрацоўных?

–Я думаю, што абавязкова будзе і ліквідацыя праз банкруцтва альбо іншымі сродкамі суб’ектаў гаспадарання. Гэта непазбежна. Што тычыцца людзей, якія будуць вызваляцца, то абавязкова праз перападрыхтоўку іх працаўладкоўваць. Са стварэннем новых працоўных месцаў. У тым ліку і ў галіне прадпрымальніцтва. Але гэтаму павінны спрыяць законы. І цягам 6-8 месяцаў усе гэта неабходна ўнесці і легалізаваць праз законы. Не справа, калі прыходзіць інвестар і прэзідэнт яму кажа: “Я вам абяцаю 20 гадоў тут!..” Што ты абяцаеш, хто сказаў, што ты тут будзеш 20 гадоў?! Ты яшчэ скажы, што 200 гадоў будзеш! Усё трэба рабіць не праз дэкрэты, а праз законы.

–Што вы плануеце зрабіць для адраджэння малога і сярэдняга бізнэсу?

–Заканадаўча, праяўляючы ініцыятыву як прэзідэнт, замацаваць свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці з памяншэннем ліцэнзавання. Другое: падаткі павінны плаціцца да прыбытку, а не ад прыдуманых паказчыкаў. Няма ў прадпрымальніка прыбыткаў – няма падаткаў. За выключэннем падатку на зямлю, гэта лагічна, падатку на экалогію – яны невялікія. Але плаціць ад прыбытку!

–Ці патрэбна Беларусі размеркаванне?

–Катэгарычна супраць! Каб маладыя людзі, якія навучаліся на дзяржаўнай форме навучання, як і на прыватнай – не важна! – накіроўваліся туды, куды захоча нехта. І не важна хто – прэзідэнт, рэктар ці нехта яшчэ. Катэгарычна супраць! Тэрмінова неабходна гэта адмяніць! Што гэта за рабская праца, якую навязваюць. Чалавек туды паедзе, у Брагінскі раён, у Чарнобыльскую зону, ці ў іншае месца – дай яму стымул. Дай кватэру альбо ільготны крэдыт беспрацэнтны. Ці іншыя стымулы. А то што гэта за рабства?! Адмяніць усім гэта размеркаванне, адмяніць увогуле плату за навучанне пры атрыманні першай адукацыі. Што ў сярэдняй тэхнічнай, што ў вышэйшай навучальнай установе. Тэрмінова!



–Калі маладым сем’ям дадуць магчымасць хутка пабудаваць кватэру?

–Дзяржаве неабходна знайсці магчымасці, а яны невялікія, даць крэдытныя рэсурсы для маладых людзей. Законам даць магчымасць чалавеку знайсці выбар: атрымаць крэдыт ці яшчэ нешта. Ільготны, беспрацэнтны. І не на 1 год, а на 15 гадоў мінімум. З пагашэннем адсоткаў, пачынаючы, да прыкладу, праз 5 гадоў.

–Ці не стане жыццё горш, чым яно ёсць цяпер?

–Зразумела, што будзе лепш, гэта зразумела! Я жыву на гэтай зямлі, я ведаю гэтыя праблемы, я чалавек з простай сям’і. Мае бацькі простыя людзі і пахаваныя ў Чарнобыльскай зоне ў Гомельскай вобласці. Я ведаю ўсё гэта. І нават з маіх адказаў вы бачыце, што будзе значна лепш.

–Мяне хвалююць узаемаадносіны з Расіяй, бо я там працую. Аб’яднаемся мы з Расіяй ці не, увядзем адзіную валюту ці не?

–Не пройдзе 10-12 гадоў як Расія, а ў бліжэйшы час яна атрымае бязвізавы ўезд у Еўрасаюз, як Еўрасаюз будзе сумесны з Расіяй. А мы куды, Беларусь, падзенемся? Рэспубліка Беларусі знаходзіцца гістарычна з Расіяй. І сёння шлях з Расіяй – гэта інтэграцыя ў сусветную супольнасць. Пры падтрымцы Расіі. Зараз што тычыцца адзінай валюты. Я лічу неабходным на дадзеным этапе захаваць беларускі рубель. Але папярэдне яго ўмацаваўшы. “Зайчыка” – адпачатку хаця б на пачатковую канвертацыю. І абавязкова – стварэнне саюзнай, гэта можа быць праз 2-5 гадоў, адзінкі. Рубель там ці неякі інакш будзе называцца. Як Еўрасаюз робіць. І, магчыма, потым з беларускага “зайчыка” і рубля – пераход на саюзную валюту.

–Наколькі, на ваш погляд, магчыма бязвізавы ўезд беларусаў у Еўрасаюз і калі гэта магчыма?

–Калі існуючая сістэма, я не хачу паўтараць – феадальная, але калі сённяшняя сістэма захаваецца, то я не бачу – калі. Тое, што спрабуюць стварыць: памежную зону, 25 кіламетраў ад Вільні ў той ці іншы бок – гэта ўсё несур’ёзна. Гэта задурванне народа. Трэба пайсці на легалізацыю, уніфікацыю, у тым ліку – адмену смяротнага пакарання, нармальных узаемаадносінаў з краінамі Еўрасаюза. Гэта выгадна Еўрасаюзу і гэта выгадна Беларусі. Мы ж гандлюем, мы маем вытворчыя і іншыя адносіны. Вы паглядзіце, што на мяжы робіцца, якія чэргі! Колькі людзі губляюць, прыніжаючы немца, які едзе ў Беларусь, і беларуса, які едзе ў Нямеччыну. Усе стаяць у чарзе. Мы можам нешта змяніць толькі пасля змены існуючай сістэмы. З дзеючым прэзідэнтам, але найхутчэй з новым прэзідэнтам. Калі я буду прэзідэнтам, я гэта зраблю адназначна хутка.

– Ці будзеце вы ўцягваць сваю жонку ў вялікую палітыку і ў якім выглядзе?

–Мы думаем. Па меншай меры я яе ўжо ўцягнуў два месяцы таму, хоць яна і разважала два дні. Пра нас ужо ў інтэрнэце кажуць, што я тыя два дні на канапе спаў, а не з жонкай. Гэта так, але два дні гэта не шмат. І жонка зараз актыўны ўдзельнік данясення маёй праграмы, праграмы маёй каманды да выбаршчыкаў.

– І ўсё ж такі, пасля таго, як станеце прэзідэнтам, дазволіце жонцы займацца палітыкай?

– На сённяшнім узроўні, з улікам пастаўленых задач, яна выконвае неабходную працу. Далей – паглядзім. Я мяркую, што мы будзем працаваць над стварэннем партыі, дакладней, адраджэннем – я быў кіраўніком Беларускай Народнай партыі, якая ў 2000 годзе была зачыненая па рашэнні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Я думаю, што будзе адраджэнне партыі і што жонка будзе ўдзельнічаць у палітычным жыцці абавязкова. Я думаю, што яна не супраць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі