Вяртанне эмігранта Фімы ў Беларусь ці "Пятая графа" Валерыі Гайшун
Цягам 2 гадзін бар “Ў” прымаў гасцей з Бабруйска - валяных з воўны лялек.
Настаўніца музыкі Сіма Ісаеўна і настаўніца нямецкай мовы Бэла Львоўна сустрэліся ў кавярні, каб папіць гарбаты і абмеркаваць апошнюю навіну Бабруйска – Фіма падаўся ў эміграцыю… Сапраўды, большая частка габрэяў беларускага горада яшчэ ў другой палове 20-га стагоддзя эмігравала за кардон. І выстава валяных з воўны лялек Валерыі Гайшун – настальгічная ўзгадка пра часы, калі пра эміграцыю толькі пачыналі думаць.
Майстрыца Валерыя Гайшун стамілася ад раздачы інтэрв'ю
“У мяне дзядуля быў габрэй, якога з усёй сваёй радні я любіла больш за ўсіх. Мяркую, я сама крыху габрэйская мама, у мяне лепшы сябра жыве ў Амерыцы, і я па ім заўсёды сумую, лепшая сяброўка – у Ізраілі… І выстава – гэта свайго роду настальгія па тых людзях, якіх я згубіла. Бо бачыцца раз у пяць ці ў 12 гадоў – гэта мала”, - тлумачыць ідэю выставы аўтарка лялек Валерыя Гайшун – між іншым, эканаміст па прафесіі і маці шасцярых дзяцей па прызванні.
Прыгажуня Эстэр Фэйгел
Праўда, ні дзядулі, ні сябра ў калекцыі Валерыі з 18 лялек няма, маўляў, персанажы з жыцця няхай жывуць, а “лялькі – гэта так, у кожнага ёсць свой характар і свой лёс”. Але персанажы Валерыі Гайшун – гэта не проста лялькі, а мастацкі дакумент той эпохі.
Цырульнік Ізя
“Мяне радуе тое, што ў Леры атрымалася перадаць увесь каларыт, унутраны свет старых габрэйскіх сем’яў. Я проста ў захапленні ад яе працы! Усё да дробязяў: і пазногцікі, і антураж, і інтэр’ер… Я проста віншую яе – малайчына!”- каментуе ўбачанае наведвальніца выставы Клара Маруга.
Валяннем з воўны Валерыя займаецца тры гады, лялькамі – усяго паўгода. Калекцыю з 18-ці характарных лялек мастачка стварыла за паўтара месяца, прычым, тэхніку валяння асвоіла цалкам самастойна. Па словах сябровак Гайшун, якія настаялі на прэзентацыі выставы “Пятая графа” у Мінску - Ані Малібога і Наташы Міранчук, прыклад Валерыі мусіць натхніць не адну беларускую жанчыну на творчыя подзвігі.
Сяброўкі Валерыі - Наташа Міранчук і Аня Малібога
Аня Малібога і Наташа Міранчук: “Мяркуем, што калекцыя мусіць паказаць людзям, што нават маці шматдзетнай сям’і знаходзіць час на творчасць. Як у нас шматлікія маці любяць паплакаць, як усё кепска, як яны нічога не паспяваюць. А вось – мала таго, што і дзеці гадуюцца, жанчына яшчэ творча развівацца, стварае і нават натхніла сваю старэйшую дачку на заняткі валяннем. Гэта класна, што жанчына апроч мацярынства здолела і свой творчы складнік раскрыць”.
Дачка Валерыі Гайшун кажа, што яе мама ніколі не сядзела без творчай справы, нягледзячы на працу і выхаванне дзяцей.
Дзінара: “Мама заўсёды нечым займалася. Калі мы былі маленькімі, яна нам вельмі шмат вязала, рабіла вырабы з талерак. У яе заўсёды было нейкае хобі. Яна заўсёды была творчым чалавекам. Я вельмі рада, што з маленькіх кветак з воўны мама выйшла на вось такую калекцыю! Мне падабаецца тое, што я бачу. Я хачу, каб мама не спынялася. Але нават калі аднойчы будзе стоп – гэта будзе шыкоўны стоп”.
Дочкі Валерыі
Сама Валерыя пра “стоп” пакуль думаць не збіраецца. Напрыканцы траўня яна вязе сваю калекцыю ў Санкт-Пецярбург на выставу “Час лялек”, пасля чаго “Пятую графу” чакае Масква і Адэса. Пасля вяртання лялек з “гастроляў”, іх аўтарка плануе дапрацаваць калекцыю і пазнаёміць з ёй як мага больш мінчан і гасцей сталіцы.
Настаўніца музыкі Сіма Ісаеўна і настаўніца нямецкай мовы Бэла Львоўна