“Я ўпершыню бачыў столькі людзей”… Плошча вачамі спецназаўцаў
Удар ледасекам, катанне на шчытах па прыступках, страта прытомнасці — урыўкі з судовых паказанняў праваахоўнікаў.
Пасля разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года праз суды ў якасці сведкаў прайшло некалькі дзесяткаў супрацоўнікаў міліцыі. На паседжаннях яны прадставілі сваю версію падзей. Еўрарадыё абрала найбольш характэрныя паказанні.
Яўген Кароўка.
“19 снежня я быў у цывільным. Пачатку дэманстрацыі чакаў каля Макдональдса. Калі да мяне дайшло шэсце, я пайшоў на Плошчу Незалежнасці. Я быў у цывільнай вопратцы, маёй задачай было фіксаваць правапарушэнні. На Плошчы Незалежнасці займаўся тым, што вёў на Плошчы аператыўную здымку. Меў пры сабе відэакамеру… У нейкі момант людзі пачалі ставіцца да мяне варожа і нехта моцна ўдарыў мяне па галаве, я не ведаю, чым. Я нават страціў прытомнасць на некаторы час”.
Леанід Гушча.
“На Плошчы я бачыў ледасек. Гэта адбылося ўжо тады, калі натоўп разагналі. У руках дэманстрантаў я не бачыў ніякіх прадметаў… Натоўп паводзіў сябе агрэсіўна. Я чуў пагрозы ў адрас міліцыі, гаварылі пра фізічны гвалт. Тыя, хто прыйшоў на Плошчу Незалежнасці, прарываліся да касцёла св. Сымона і Алены. Я не ведаю, навошта ім гэта было патрэбна”.
Ксяндзоў.
“Мяне білі на плошчы Незалежнасці. Калі мы пашыхтаваліся, то група з 30 чалавек, маладых людзей, паспрабавала прарваць шэраг. Рабілі тры спробы. Падчас адной спробы ім удалося сарваць мой шлем і ўдарыць мяне ў твар… Я ўпершыню бачыў столькі людзей, адчуваў напружанасць. Магчыма, гэта стала прычынай галаўнога болю. Пасля разгону дэманстрацыі я звярнуўся да лекара”.
Васіль Лісоўскі.
“Зброі ў дэманстрантаў я не бачыў — толькі палкі і пляшкі з вадой. Пра пагромы таксама нічога паведаміць не магу, не бачыў… Людзей з плошчы Незалежнасці разганялі ўнутраныя войскі. Спецназ толькі падзяліў натоўп на некалькі частак.
У нейкі момант дэманстранты кінулі нейкі прадмет. Ён праляцеў праз шэраг спецназа і ўдарыў мяне ў калена”.
Сяргей Парай.
“Я бачыў у дэманстрантаў толькі драўляныя палкі і вуды. Заклікаў разысціся не чуў. На Плошчы Незалежнасці я быў з 22 гадзіны да 3-й ночы. Пасля разгону сядзеў у аўтатранспарце… Калі я падышоў да ганка Дома Ураду, то прыкладна дзесяць чалавек заканчвалі біць шкло ў вокнах. Іх акружылі фотарэпарцёры, якія стараліся сфатаграфаваць разбітае шкло”.
Сяргей Гушчык.
“Спецназаўцы спрабавалі абараніць дзверы Дома Ураду і вельмі хутка забягалі на ганак. Але ганак гэты быў надзвычай слізкім. Шмат хто з нас праслізнуўся на ім, і на ўласным шчыце з’язджаў у натоўп дэманстрантаў… Я атрымаў удар ледасекам і ўпаў”.
Фота - bymedia.net