Японскія шпітальныя клоўны прыехалі падзяліцца досведам з беларускімі
13-14 кастрычніка ў Мінску праходзіць міжнародная сустрэча беларускіх і японскіх шпітальных клоўнаў.
Ладзіць яе рэспубліканскае грамадскае аб’яднянне “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА”. З японскага боку ўдзельнічаюць 11 клоўнаў з горада Нагоя. Беларускі бок прадстаўляюць каля 30 клоўнаў з Мінска, Бабруйска, Горадні і Берасця. Пра сустрэчу і працу шпітальных клоўнаў распавядае Віталь Паўлаградскі, каардынатар праекту "Лячэбная магія".
Еўрарадыё: У Беларусі ёсць шпітальныя клоўны?
Віталь Паўлаградскі: Так, у Беларусі каля 18 год ёсць шпітальныя клоўны, якія ходзяць у прыватнасці ў цэнтр дзіцячай анкалогіі і ў беларускі дзіцячы хоспіс у Бараўлянах. У Мінску прыкладна раз на год абвяшчаецца набор на адпаведныя курсы. Існуе вялікая група шпітальных клоўнаў у Гомелі, якая таксама штогод абвяшчае набор на курсы.
Еўрарадыё: У чым заключаецца праца шпітальных клоўнаў?
Віталь Паўлаградскі: Яны прыходзяць у шпіталі, кантактуюць з дзецьмі, забаўляюць іх, адцягваюць увагу, дапамагаюць пазбавіцца шпітальных фобіяў, адаптавацца да асяроддзя, нясуць радасць і пазітыў. Часта яны прысутнічаюць пры складаных медыцынскіх умяшальніцтвах, напрыклад, кропельніцах, каб у дзіцяці было менш болю і дыскамфорту. Гэта валанцёрская праца, людзі ў вольны час прыходзяць дапамагаць дзецям.
Еўрарадыё: А як бачныя вынікі іх працы?
Віталь Паўлаградскі: Дзеці ўсміхаюцца і гэта адразу бачна. Згодна з сур’ёзнымі заходнімі даследаваннямі ў многіх дзяцей нават зніжаецца неабходная доза анальгетыкаў для працэдуры ці курса лячэння.
Еўрарадыё: Ці бываюць выпадкі, калі дзеці баяцца клоўнаў?
Віталь Паўлаградскі: Вельмі рэдка, можа быць самыя маленькія дзеці. Часцей гэта звязана з сарамлівасцю дзіцяці, чым са страхам. Дастаткова хутка дзіця перастае баяцца і атрымлівае пазітыўныя эмоцыі. Усе клоўны праходзяць спецыяльнае навучанне, падрыхтоўку, прымяняюць псіхалагічныя прыёмы. Калі клоўн настроены пазітыўна, калі ён добры і выкарыстоўвае добрыя методыкі, то дзіцяці цікава і прыемна.
Еўрарадыё: А ў свеце гэта распаўсюджаная прафесія?
Віталь Паўлаградскі: Так, у нас у параўнанні з Еўропай толькі зачаткі, каля 50 клоўнаў. Ў Італіі іх можа быць каля 200 тысяч. І ў Еўропе, і ў Азіі, і ў Амерыцы гэта вельмі распаўсюджана.
Еўрарадыё: Кожны цыркавы клоўн можа працаваць у шпіталі?
Віталь Паўлаградскі: Неабходна прайсці тэсты пры паступленні на курсы, там дастаткова сур’ёзны кастынг, каб выявіць матывацыю, каб не дапусціць да працы з дзецьмі неадэкватных людзей. Пры ўмове добрага стаўлення да навучання кожны харошы чалавек можа навучыцца і прыходзіць у шпіталь. Канешне, там яны ўзаемадзейнічаюць з псіхолагамі, якія ёсць у кожным шпіталі, загадзя абмяркоўваюць, да каго ісці.
Еўрарадыё: Якая праца цяжэйшая — у цырку ці ў шпіталі?
Віталь Паўлаградскі: Гэта зусім розная праца. Часта праца ў шпіталі больш стамляе, бо гэта непасрэдны кантакт з людзьмі, з дзецьмі, трэба ўкладаць душу, энергію і пазітыў. Фізічна яны больш стамляюцца, але маральна, псіхалагічна яны атрымліваюць больш пазітыву і радасці, чым нават прыносяць самі. Гэта дае сілы для далейшай працы. Ад гэтага складана адмовіцца. Да нас прыехаў з Японіі клоўн, якому 72 гады. Ён з цяжкасцю ходзіць, але прыходзіць разам з намі ў шпіталі і займаецца дзецьмі.
Еўрарадыё: То бок японмкія клоўны на практыцы паказваюць як трэба працаваць?
Віталь Паўлаградскі: Так, яны ўзаемна вучацца падчас агульных сустрэч. У нас два семінары на працягу двух дзён, дзе клоўны займаюцца дзецьмі і вучацца ў працэсе гэтых заняткаў.
Еўрарадыё: Наколькі японскія клоўны адрозніваюцца ад беларускіх?
Віталь Паўлаградскі: Асаблівых адрозненняў няма. Касцюмы крыху розныя, крыху іншы стыль афармлення. У нас касцюмы прасцейшыя, можа быць не такія яркія, але сэнс адзін, бачна, што гэта адна прырода, адна мэта. Агульная мова знаходзіцца па-за ўмоўнасцямі і па-за мовамі.
Еўрарадыё: Шпітальны клоўн — гэта мужчынская ці жаночая прафесія?
Віталь Паўлаградскі: Дзесьці напалову. Таксама і ў японцаў. У жанчын і мужчын розны падыход, розныя манеры, але гэтым яны дапаўняюць адзін аднаго.