Ярмошына і Лазавік плануюць заставацца ў ЦВК як мінімум да 2012 года
"Мы павінныя яшчэ, як кажуць, сваю кадэнцыю адпрацаваць", — распавёў сакратар Цэнтрвыбаркама.
Нягледзячы на сваё абяцанне сыйсці на пенсію пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына не спяшаецца гэтага рабіць. Як і сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, пенсійны ўзрост якога надыйшоў 18 студзеня. Пра гэта Лазавік распавёў у інтэрв’ю Еўрарадыё.
Мікалай Лазавік: “Тэрмін паўнамоцтваў Цэнтральнай выбарчай камісіі заканчваецца ў студзені 2012 года. Вось тады гэта пытанне [Выхаду Ярмошынай і Лазавіка на пенсію — Еўрарадыё] і будзе вырашацца. А пакуль мы павінныя яшчэ, як кажуць, сваю кадэнцыю адпрацаваць”.
Па словах Мікалая Лазавіка, нягледзячы на пэўны кансерватызм у падыходах, праца ЦВК была апошнія гады вельмі плённай. Але калі паўстане пытанне змены кіраўніцтва, то, лічыць сакратар камісіі, на гэтую пасаду трэба прызначаць людзей маладых і больш прагрэсіўных.