"Юр’я" адсвяткавала пачатак новага свету

121228_ma6a_jurja.mp3

“Сёння першы дзень зімовага Сонцастаяння. Кароткі дзень заканчваецца, і сонца паварочваецца ў бок вясны і цяпла”, — адкрывае Юрый Выдронак вялікі сольны канцэрт этна-рок-шоў “Юр’я” ў Мінску. І, натуральна, такая падзея не можа не быць прывязаная да беларускага календара. Юрый здольны гадзінамі распавядаць пра асаблівасці нашага фальклору, толькі вось “для лепшага разумення гасцей” пераходзіць на “інтэрнацыянальную расійскую мову”. І тут жа чуе з залы незадаволены вокліч:

“Не ганьбі сябе, Юра! Заканчвай казаць па-руску, не ганьбі сябе! Фальклор прывёз, а не абы-што! Кажы па-беларуску, бо я не дам табе гаварыць!”

Юрый Выдронак

У гэты момант публіка праяўляе сябе талерантнай — яна падтрымлівае апладысментамі і “голас з залы” і Юрыя Выдронка, які кажа пра еднасць народаў яшчэ на ўзроўні адзінай працывілізацыі, якая існавала на нашых землях.

Бубнач Андрэй Сівец

 

Юрый Выдронак: “Справа не ў мове! Я лічу, што гэта было не вельмі карэктна. Чаму? Таму што нас заўсёды хочуць разлучыць. Палякаў аддзяліць ад беларусаў, рускіх — ад украінцаў. І гэта, я лічу, вельмі дрэнна. Ведаеце. чаму? Таму што ў нас ёсць сапраўдныя адзіныя карані вельмі старажытнай працывілізацы. Мой абавязак, як мастака, як навукоўцы, як артыста — вам данесці гэта”.

Потым Выдронак паабяцаў размаўляць па-беларуску да канца канцэрту ў тым выпадку, калі хтосьці адкажа, як будзе на роднай мове "кухонная доска". Праўда, пытанне так і засталося адкрытым.


Вакалісткі гурта Эльвіра Каткавец і Вольга Рыжкова

Больш да праблем мовы ні артысты, ні публіка не вяртаюцца. Толькі польскі госць – Барталамей Лех Палыга нагадвае, што ёсць адзіная ў свеце мова, зразумелая ўсім – гэта рок-н-рол. Уся ўвага скіраваная на сцэну. Там сапраўды адбываюцца цікавыя рэчы, падчас якіх сучаснасць сустракаецца са старажытнасцю. Так, традыцыйны давыд-гарадоцкі строй ператвараецца ў дзівосны строй сучаснай нявесты ці снягуркі, а “бабуліны” песні арганічна слухаюцца ў рок-апрацоўках.

Барталамей Лех Палыга

“Мне вельмі спадабалася, — кажа наведвальнік Мікіта. — Я лічу, што гэты гурт вельмі многа дае на будучыню. Шмат хто гэтых бабулек, можа, і не ўспрыме, калі яны будуць дзесьці выступаць сольна. Але ў кантэксце такога канцэрту моладзь можа заўважыць і зацікавіцца нашымі каранямі”.


Вечаслаў Калацэй і гурт "Ветах"

Падчас свайго сэту “Юр’я” выканала лепшыя песні. Прычым, шматлікія з іх набылі новую афарбоўку за кошт струннага квартэта “Аніма” і інструменталіста Барталамея Леха Палыгі, галасоў ансамбля “Грамніцы” і нават духавых інструментаў у песні “А ў лузе лузе”. Традыцыйна для імпрэз, якія ладзіць Юрый Выдронак, на сцэне з’явіліся бабулі. Гэтым разам некалькі калектываў з Глускага раёну. Падтрымалі “Юр’ю” гурты “Ветах” і “Талака”, а таксама каманда Re1ikt. Выдронак паспрабаваў сябе ў ролі “металіста” — разам з “Рэліктам” музыка выканаў адну з беларускіх шчадровак.

Гурты "Талака" і "Ветах" гуляюць у Яшчура

 

Уладзімір Казлоў з гурта Re1ikt

 

Фальклорныя гурты з Глускага раёну

Праблемай канцэрту стаў кепскі гук, які выклікаў уражанне бязладдзя паміж інструментамі і музыкамі. Аднак, кажа Юрый Выдронак, галоўнай мэты “Юр’я” дабілася — рэанімавала публіку ад “канца свету”.

Вольга Рыжкова

Тэатр індыйскага танцу "Наваратна"

Юрый Задзіран

Юрый Выдронак: “Было такое уражанне, што ўсе прыйшлі як пасля канца свету. Падобнае адчуванне ў мяне было і ў горадзе на другі дзень, і вось сёння з’явілася адчуванне, што людзі пасля гэтага “канцу свету” пачалі адыходзіць. Нягледзячы на гук, я бачыў, што ў людзей у вачох пачалі запальвацца зорачкі. Справа ў тым, што энергія, транслакацыя, як перамяшчэнне — яна працуе, то бок, ад нас са сцэны — да іх. Ну, і дзякуй Богу! Гэта самае галоўнае!”


Юрый Выдронак, квартэт "Аніма" і ансамбль "Грамніцы"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі