З вясны малако падаражэла ў два з паловай разы, а піва — толькі ў паўтара

111212 Martin Ko6ty.mp3

У Беларусі пашырылі спіс сацыяльна значных тавараў, кошты на якія рэгулюе дзяржава. Раней у ім было 14 прадуктаў, цяпер — 27. Еўрарадыё параўнала, як змяніліся кошты на гэтыя тавары за крызіс. І аказалася, што сацыяльныя тавары падаражэлі... больш!

У жанчыны, якая выходзіць з крамы “Белая Русь”, пытаюся, што найбольш падаражэла апошнім часам.

“Хлеб, малочныя вырабы, кава, гарбата, каўбасныя вырабы”, — Наталля Іванаўна ў першую чаргу называе прадукты, кошты на якія фармуе дзяржава.

На што найбольш заўважна паднялася цана, пытаюся ў жанчыны каля крамы "Радзівілаўскі".

“Усё падаражэла нашмат. Але, відавочна, найбольш заўважна — гэта хлеб і малако”.


За ёй з крамы выходзіць хлопец-студэнт. Сярод прадуктаў, на якія выраслі кошты, ён таксама называе тавары з “сацыяльна значнага” спісу.

“Кісла-малочныя і малочныя прадукты падаражэлі. Мяса вельмі падаражэла і дастаць яго цяпер досыць складана”.


Цяпер кілаграм ялавічыны каштуе ад 30 да 50 тысяч. А яшчэ ў сакавіку гэтае мяса абыходзілася ў 15 тысяч за кілаграм. За літр малака ўвесну трэба было плаціць 1790 рублёў — цяпер зацягне на 4,5 тысячы.

І гэты кошт на “Гарадскім малочным заводзе №1” называюць заніжаным.

“Прадпрыемства павінна набыць сыравіну за 2260 рублёў, а прадаць гатовы прадукт за 1900. Гэта жах. Як можна прадаць гатовы прадукт танней, чым мы набылі сыравіну для яго?” — адзначае супрацоўніца.

Як падлічыла Еўрарадыё, піва з вясны падаражэла менш за малако. Пры тым, што гэты прадукт не ўваходзіць у спіс сацыяльна значных. Увесну бутэлька “Аліварыі” у краме каштавала ў раёне 3 тысяч, цяпер — каля 5-ці. То бок вырасла ў кошце ў 1,5 разы. А малако падаражэла больш чым у два разы. Вось вам і сацыяльна значны прадукт.

Вытворцы піва кажуць, што калі б напой уключылі ў лік сацыяльна значных, кошты на яго былі б такія самыя, як і цяпер.

“Піва б засталося на тым жа ўзроўні, кошты былі б такія ж, як зараз”, — адказвае супрацоўніца кампаніі “Крыніца”.

Піва і малако зараз каштуюць аднолькава. Затое кошты на бананы з вясны не змяніліся: як каштавалі па 8-9 тысяч, так каштуюць і цяпер, кажа прадаўшчыца ў краме “Белая Русь”.

З 10 апытаных Еўрарадыё пакупнікоў 9 сярод прадуктаў, якія найбольш падаражэлі, называюць пазіцыі з сацыяльнага спісу. Цяпер у гэты спіс збіраюцца дадаць сасіскі, пяльмені, фаршы, сыры, рыбу, каву, гарбату.

Фота: perspektiva-info.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі