"Рок па вакацыях": Было свята, а цяпер гэта нагадвае шоў-бізнес

"Няма таго, што раньш было", — кажуць удзельнікі і старажылы легендарнага "Року па вакацыях". Але з радасцю граюць перад цалкам забітым і ва ўсіх сэнсах гарачым "Цэнтрам". Мы на святкаванні 20-годдзя знакамітага фэсту, родам з 1990-х.


"Open-air, парк Чалюскінцаў, нейкія "дошкі", ці як яно называлася, — узгадвае лідар "Палацу" Алег Хаменка.Памятаю, што было такое напружанне, людзі былі такімі ўрачыстымі, ішлі з такім узнёслым настроем. Зараз гэта крыху на шоў-бізнес падобна. А тады свята такое было. Усе сапраўды прыходзілі, як пасля вакацый. Публіка больш між сабой размаўляла, чым нас слухала".


"Рок па вакацыях" узнікае ў 1993-м як месца сустрэчы студэнтаў і школьнікаў пасля вакацый. Музыкі ж дэманструюць сваю гатоўнасць да новага сезону. Праз 20 гадоў, кажа Аляксандр Памідораў, нягледзячы на перапынкі і змены месца дыслакацыі, сутнасць "Року па вакацыях" не мяняецца.


Аляксандр Памідораў: "Самая запамінальная адметнасць фэстаў, што пачыналіся яшчэ ў цырку "Шапіто", у тым, што яны не запаміналіся. І потым трэба было ўзгадваць, што там было і хто там быў. І гэтая традыцыя працягваецца і на гэтым фестывалі. Я маю на ўвазе тое, што тычыцца гуку і ўсяго астатняга".


На сцэне клубу "Цэнтр" — сапраўдны парад зорак. Арганізатары ведаюць, кім і чым прывабіць публіку. "Палац" змяняе Naka-piano. Расійскага госця Вадзіма КурылёваNeuro Dubel, "Змяю" N.R.M., "Краму" Кася Камоцкая, якая даўным-даўно не з'яўлялася ў падобных рок-сходках.


"Сёння фэст мае іншае значэнне ў параўнанні з тым, што было ў 90-х, - праводзіць паралелі Кася. — І я рада, што гэта адбываецца. Мне падаецца, што вельмі важна, каб людзі разумелі, што яны не адны ў гэтых джунглях невядома якой палітыкі, дзяржавы і культуры".


Дарэчы, Кася абяцае ў хуткім часе гучны камбэк. А мы выходзім падыхаць свежым паветрам на Кастрычніцкую плошчу і сустракаем Уладзіміра Казлова. Фронтмэн Re1ikt упершыню на "Року па вакацыях" і як глядач, і як музыка.


"Я ж малады зусім, — нібыта апраўдваецца Уладзімір. — Мне ўсяго 27 гадоў і жыву я ў Мінску ўсяго 4 гады. Я прыйшоў на фэст першы раз і атрымаў вельмі добрае ўражанне. Таму што гэта легенда... Мы гралі з "Крамай", гралі некалькі разоў з Касяй Камоцкай. Але спалучэнне ўсіх разам - гэта нешта".


Дарэчы, року ў беларускіх музыкаў хапае, а вось з вакацыямі — праблематычна. Уладзімір Казлоў кажа, што нават у студэнцкія гады замест адпачынку ад вучобы рэпетаваў з "Рэліктам": маўляў, вельмі хацелася быць музыкам. Алег Хаменка гадоў 25 як не быў на сапраўдных вакацыях. Затое радасна ўзгадвае "бульбу" у Інстытуце культуры пасля арміі, калі ў групе было 40 дзяўчат-бібліятэкарак і ён адзін. Кася Камоцкая сцвярджае, што яна была кепскай студэнткай, таму не адчувала розніцы паміж вакацыямі і вучобай. А Ігар Варашкевіч дагэтуль памятае студэнцкую паездку ў Тбілісі праз Сочы:


"Вельмі было добра тады. Спыніліся на суткі ў Сочы. Схадзілі на мора. Потым паехалі ў Тбілісі. Вельмі цікава было. Віно было сухое, і пасля гэтага я ўвогуле перастаў ужываць сухое віно. Спадабаліся людзі, сама Грузія, яе архітэктура — я ж ездзіў па спецыяльнасці. Шмат малюнкаў зрабіў тады. Вось апошнім часам амаль не малюю — а там маляваў".


Закрывае "Рок па вакацыях" трыа N.R.M. Гучаць "Лёгкія-лёгкія" ды "Песня пра каханне". Піт Паўлаў анансуе прэзентацыю новага альбома "ДПБЧ". Яна пройдзе ў "Цэнтры" 3 лістапада. Вакацыі скончыліся. Рок у разгары.






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі