“РСП” едуць “акучваць гарады ды вёскі”
Музыкі рушаць у міні-тур па Беларусі і Расіі з новымі песнямі. Часам без “ЭВМ”.
Трэш-гурт “Разбітае сэрца пацана” выбіраецца у міні-тур па Беларусі ды Расіі. На канцэртах у Мінску, Віцебску, Маскве ды Санкт-Пецярбургу музыкі будуць выконваць праграму са сваіх баевікоў ды трох абсалютна новых песень.
“Дзве з іх ужо запісаныя, трэцяя — на чарзе, — распавядае пра новы матэрыял гітарыст гурта Дзяніс Тарасенка. — Гэтыя трэкі, магчыма, складуць аснову новага альбома, ці максі-сінгла. У залежнасці ад фармату, яго прэзентацыя адбудзецца ці наступнай вясной, ці бліжэй да Новага года. Але пакуль у нас планы, акучваць гарады ды вёскі, засвойваць новы фармат выступаў, завучваць гамы і арпеджыа, ну, і (калі пашанцуе) паставіць новыя струны на гітары”.
Цалкам верагодна, што на некаторых канцэртах “Пацаны” выступяць сольна: без падтрымкі танцавальнага дуэта “ЭВМ” (Марыны Юрэвіч і Юлі Шаўчук).
“Дзяўчаты такія раптоўныя па жыцці, што і самі не ведаюць якія гэта будуць канцэрты, і ці будуць увогуле, —працягвае Дзяніс. — З іншага боку, будзе цікава паглядзець, каму цікавая наша творчасць, а каму — “ЭВМ”. Мы сталі закладнікамі ўласнага іміджу, але скідаць абароты ўжо нельга. Без дзяўчат давядзецца паспрабаваць новую мадэль паводзін на сцэне! Магчыма, дойдзе да самых цесных стасункаў з гледачамі, але суровыя законы беларускага шоў-бізу дыктуюць нам ісці наперад, ні на што не звяртаючы ўвагі”.
Дарэчы, дуэт “ЭВМ” рэгулярна ладзіць сольныя вечарыны. Адна з іх — “Чырвоная ЭВМ-паці” пройдзе 7 лістапада ў сталічным “Графіці” і будзе прысвечаная нацыянальнаму святу Беларусі “Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі”.
Расклад міні-тура “РСП”:
04 лістапада “Fish Fabrique Nouvelle” (Санкт-Пецярбург)
20 лістапада “Графіці” (Мінск)
23 лістапада “Чердачок” (Віцебск)
30 лістапада “China Town” (Масква)