Румас абмеркаваў з Шуневічам дачыненні міліцыі і футбольных заўзятараў
У сераду, 11 лістапада, адбылася сустрэча кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Як паведамляе "Прессбол", на ёй прысутнічаў і першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар'ян. Гаворка найперш ішла пра дачыненні беларускай міліцыі і футбольных заўзятараў. Сёлета адбылося некалькі інцыдэнтаў на стадыёнах. Напрыклад, на матчы адбору на Еўра-2016 паміж зборнымі Беларусі і Македоніі міліцыя затрымала некалькі заўзятараў, нібыта, за "дробнае хуліганства", самі ж затрыманыя сцвярджалі, што затрымлівалі іх за шалікі з гербам "Пагоня".
Пра сённяшнюю сустрэчу пакуль вядома мала. Адзначаецца, што яна "насіла канструктыўны характар" і па яе выніках было дасянутае ўзаемаразуменне "па шэрагу пытанняў". Беларуская федэрацыя футбола абяцае апублікаваць спецыяльны прэс-рэліз.
Фота: ФК "Дынама-Мінск", Еўрарадыё