Руся: “Дыялогу з уладамі чакалі і музыкі, і палітыкі. Дык вось ён і пачаўся”

Рокеры патлумачылі Еўрарадыё, аб чым дакладна яны размаўлялі з галоўным ідэолагам краіны і ці давалі яны яму абяцанні не займацца палітыкай

Пасля сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта Піт Паўлаў, Алег Хаменка, Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч і Аляксандр Кулінковіч апынуліся ў другім “чорным спісе”. Зараз іх называюць ледзь не здраднікамі. Музыкі не разумеюць: дыялогу з уладамі чакалі і музыкі і палітыкі…

Лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка называе чуткі аб нібыта падпісанай “дамове аб ненападзе” смешнымі:

Алег Хаменка: “Двойчы перачытайце гэту інфармацыю, і вы зразумееце, што гэта смешна. Мы звярнулі ўвагу на праблемы паміж чыноўнікамі і музычнымі гуртамі. Размаўлялі, канешне, не ад асабістага імя, а ад імя ўсіх нашых сяброў-музыкаў. Праляскоўскі выказаў думку, што музыкі павінны займацца музыкай, а палітыкі – палітыкай. Мы дыпламатычна не спрачаліся з гэтым. Такім чынам, нейкі дыялог адбыўся.

Далей магчымы пэўныя зрухі ў ідэалогіі ў бок паляпшэння стаўлення да беларускай мовы, да беларускай музыкі, да фестываляў кшталту “Басовішча” і “Рок-Кола”. Маладым камандам, якія яшчэ не паспелі “засвяціцца”, удзельнікам якіх па 25 гадоў, ім будзе значна прасцей”.

Галоўны ідэолаг пакінуў свой нумар тэлефона на выпадак непаразумення музыкаў з чыноўнікамі. Гэты тэлефон можа спатрэбіцца апазіцыі…

Вакалістка гурта “Indiga” Руся гаворыць, што дыялогу з уладамі чакалі і музыкі, і палітыкі. “Дык вось ён і пачаўся”:

Руся: “Музыка, перш за ўсё, гэта творчы чалавек, мэта і задача якога – ствараць музыку, а не скакаць пад нейкімі сцягамі. На жаль, беларускія музыкі апынуліся ў такой сітуацыі, калі яны былі пастаўленыя перад прымусовым выбарам: на якім баку барыкадаў? Шмат хто з апазіцыянераў і музыкаў чакалі гэты дыялог з дзяржавай. Ну дык вось ён і пачаўся!”

Лідэр гурта “Гарадскія” і гітарыст “NRM” Піт Паўлаў нават гаворыць, што гэта было “прабачэнне ў лёгкай форме на самым высокім узроўні”:

Піт Паўлаў: “Вынікі размовы такія: у аднабаковым парадку ўлады адмяняюць усе забароны на ўсё. Мы не пасунуліся ні на сантыметр. Нам на самым высокім узроўні прынеслі ў лёгкай форме прабачэнні за ўсё папярэдняе. Нават прапанавалі выдумаць нейкую форму ўсебеларускай легалізацыі, як то тэлевізійны фестываль. Наколькі гэтыя абяцанні адпавядаюць рэчаіснасці, у мяне няма звышэнтузіязму”.

Паўгода таму ў праграме Еўрарадыё “Беларусь Tomorrow” Лявон Вольскі цікава разважаў на тэму, ці можна ўсё жыццё прысвяціць андэграўнду:

Лявон Вольскі: "Справа ў тым, што немагчыма дзесяцігоддзямі займацца адным і тым жа. Такі андэграўнд ужо стараваты занадта атрымліваецца. У прынцыпе, пэўны час, напрыклад пяць гадоў таму, гэта ўсё даволі свежа гучала — пратэстныя тэксты, вострая эмацыйная музыка… Але людзі стамляюцца гэтым займацца — гэта відаць. Нават людзі, якія дзесяцігоддзямі цягнулі гэтую лямку беларускага рок-н-ролу, яны ідуць на нейкую іншую работу папросту таму, што грошай няма. Ну, нейкая маладая порасць вырастае, канешне”.

Прыклад да словаў спадара Вольскага – гурт “Indiga”. Па словах Русі, ніводны з музыкаў не зарабляе грошы сваёй творчасцю:

Руся: “Адзін – мые машыны на аўтасервісе, другі – працуе гукарэжысёрам у студыі, трэці – студэнт. Я раблю нейкую журналісцкую працу, навучаю некалькі чалавек ангельскай мове, раблю пераклады: карацей, усё, што заўгодна, толькі не музыка. Калі будуць канцэрты, адкрытыя пляцоўкі, тэлеэфіры, радыёэфіры, то ўся аўдыторыя, якая не бачыла Палац, Дзюбялёў і Краму і іншых нашых вядомых беларускамоўных музыкаў, забудуцца на Паліну Смолаву, Агурбаш і іншых папсовых зорак”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі