Сабаленка выйшла ў фінал турніру ў Нью-Хэйвэне і мае вялікія шансы на перамогу
Арына Сабаленка (№25 WTA) выйшла ў фінал турніру ў амерыканскім Нью-Хэйвэне. 24 жніўня ў паўфінальным матчы яна перамагла адну з топавых тэнісістак — немку Юлію Гёргес (№9 WTA). Складаны матч доўжыўся 1 гадзіну 45 хвілінаў, але беларуска ўсё ж адолела саперніцу ў двух сэтах — 6:4, 7:6 (7:3).
У фінале спаборніцтваў Сабаленка сустрэнецца з іспанкай Карлай Суарэз-Навара (30), якая трапіла туды фактычна без барацьбы: у ½ фіналу Суарэз-Навара пачынала гуляць з пуэртарыканкай Монікай Пуіг (72), але тая знялася са спаборніцтваў у першым сэце. Беларуская тэнісістка мае лепшы рэйтынг у параўнанні з прадстаўніцай іспаніі, таму ёсць вялікія шансы на тытул.
Калі Арына Сабаленка пераможа ў фінале, гэта будзе яе першы ў кар’еры тытул на турнірах катэгорыі “Прэм’ер”. Сёлета спартсменка тройчы даходзіла да фіналу такіх спаборніцтваў.