Сафія Сапега застаецца ў Беларусі

Сафія Сапега застаецца ў Беларусі

1 чэрвеня на нарадзе ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што следства па справе расіянкі Сафіі Сапега, як і беларуса Рамана Пратасевіча, будзе праходзіць у нашай краіне. Раней прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў не выключаў, што расійскі бок падыме пытанне аб яе пераводзе з Беларусі ў РФ. Па словах Лукашэнкі, на гэтую тэму ён з Уладзімірам Пуціным у Сочы патрацілі няшмат часу.

"Следства па абодвух персонах будзе праходзіць у Беларусі, цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Гэта непахісна. Пра гэта я сказаў прэзідэнту Расіі".

Па словах Лукашэнкі, ён запэўніў Пуціна, "што ніякіх не будзе пытанняў з доступам консулаў". "Па-мойму, яны не крыўдзяцца, мы не толькі даем інфармацыю, хочаце сустракацца — сустракайцеся", — дадаў ён.

Пратасевіч і Сапега былі затрыманыя ў мінскім аэрапорце 23 траўня пасля пасадкі пасажырскага самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Высветлілася, што ў Сафіі Сапега ёсць від на жыхарства ў Беларусі. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей раней выказаў меркаванне, што суд "хутчэй за ўсё, адбудзецца ў Беларусі".

Па даных "Бі-Бі-Сі", Сафію Сапега падазраюць у "парушэнні грамадскага парадку", "масавых беспарадках" а таксама ў "распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці". Ёй пагражае да 15 гадоў зняволення. Сапега прызнаная палітзняволенай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі