Сакратар ЦВК патлумачыла, чаму ў Беларусі не будзе электроннага галасавання
У бліжэйшай будучыні ў Беларусі не плануецца ўводзіць дыстанцыйнае галасаванне на выбарах і рэферэндумах. Пра гэта сакратар Цэнтрвыбаркама Алена Балдоўская заявіла падчас наведвання аздараўленчага летніка "Брыганціна".
Па яе словах, пры дыстанцыйным галасаванні немагчыма на 100% быць упэўненым, што выбаршчык сам аддаў свой голас.
"Цяпер, прыйшоўшы на выбарчы ўчастак у Беларусі, чалавек сам атрымлівае бюлетэнь, заходзіць у кабіну, робіць адпаведную адзнаку і кідае ў скрыню бюлетэнь. Калі выбаршчык галасуе дыстанцыйна, то незразумела, прагаласаваў ён сам ці хтосьці скарыстаўся яго персанальнымі данымі і прагаласаваў за яго", — перадаюць яе словы "Мінск-Навіны".
Між тым, у Беларусі бадай што не было ніводнага галасавання, дзе людзі не галасавалі б за іншых чальцоў сваёй сям'і. А асноўнай праблемай назіральнікі і праваабаронцы называюць сумленны падлік галасоў. Недавер да падліку галасоў на выбарах 2020 года стаў адной з асноўных прычын масавых пратэстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.