Салана паслухаў незалежную прэсу, прафсаюзы і праваабаронцаў

ЕС будзе патрабаваць удзелу ў дыялогу не толькі афіцыйнага Мінску, але і прадстаўнікоў альтэрнатыўных поглядаў Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўер Салана сустрэўся зранку 19 лютага ў Мінску з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці.

На сустрэчы прысутнічалі старшыня беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, старшыня руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, экс-палітвязень Аляксандр Казулін, праваабаронцы Алег Гулак і Алена Танкачова, кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і эканаміст Павел Данэйка.

Хаўер Салана пацікавіўся, як ставяцца ўдзельнікі сустрэчы да абвешчанай уладамі лібералізацыі і грамадскіх кансультацыйных саветаў. А таксама — пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі апошнія паўгода.

Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што дыялог афіцыйнага Мінску з Еўрасаюзам — гэта гістарычны шанец для Беларусі.

"Я быў заўсёды прыхільнікам дыялогу, бо пазітыўнай альтэрнатывы яму няма. Калі яго перапыніць і пабудаваць сцяну паміж намі і ЕС, наўрад ці Беларусь застанецца незалежнай краінай. Я лічу, што калі праводзіцца палітыка дыялогу, працаваць трэба не толькі з бізуном, але таксама і з пернікам. І пернік бывае больш эфектыўным. А калі што — пернік можна зменшыць. На жаль, пакуль няма канкрэтнага плану дзеянняў паміж Беларусю і ЕС. Пакуль ідуць толькі дэкларацыі, а не канкрэтныя крокі. Каб дыялог быў эфектыўны, трэба перапыніць палітычныя пераследы. Таму я казаў Салане пра “справу 14-ці”, пра новых палітзняволеных — Аўтуховіча, Лявонава, Асіпенку, пра студэнтаў, што вучацца ў Польшчы і не могуць вярнуцца дадому, пра нядаўняе збіццё людзей 14-га і 16-га лютага".

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна адзначыла пазітыўная крокі, зробленыя ў сферы СМІ: вяртанне ў дзяржаўны распаўсюд газетаў "Наша Ніва" і "Народная Воля", правядзенне круглых сталоў, адсутнасць рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. Але падкрэсліла, што гэтыя крокі не сведчаць пра рэальныя пераўтварэнні. Крытэрамі павінны быць тры моманты:

"Першае — гэта роўныя эканамічныя ўмовы для дзейнасці СМІ. І абавязковае тэрміновае вяртанне ў распаўсюд 13 незалежных грамадска-палітычных выданняў. Свабодны доступ да інфармацыі. Увядзенне заяўнага прынцыпу акрэдытацыі журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. Прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі. Таксама я звярнула ўвагу на практыку прымянення закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму. 25 лютага адбудзецца судовае паседжанне па пытанні наяўнасці экстрэмізму ў часопісе "Arche".

Аляксандр Ярашук адзначыў, што Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў стаў першай арганізацыяй, якая ўступіла ў дыялог з беларускімі ўладамі.

"Мы былі той арганізацыяй, якая першая выйшла на дыялог з урадам. Таму мы ўпэўненыя, што да гэтай з'явы трэба ставіцца станоўча".

Пазітыўна ставіцца да дыялогу і юрыст Алена Танкачова. Але, на яе думку, дыялог трэба развіваць. Кансультацыйныя саветы павінны быць створаныя пры мясцовых органах улады і парламенцкіх камісіях, а таксама неабходна нарматыўна ўзаконіць гэтыя структуры.

"Мы закранулі не толькі праблемы палітычныя, але і сацыяльныя. Мы баімся, што ў звязку з крызісам могуць пачацца сацыяльныя праблемы і пацерпяць перш за ўсё неабароненыя слаі насельніцтва. Я мела магчымасць перадаць дэлегацыі, якую ўзначальвае спадар Салана, праект па змене заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць НДА, праект закона, звязанага з правамі інвалідаў, распрацаваны асацыяцыяй інвалідаў-вазочнікаў, і падыходы да моладзевай альтэрнатыўнай палітыкі, распрацаваныя канфедэрацыяй моладзевых арганізацый краіны "Рада".

Напрыканцы сустрэчы Хаўер Салана найперш пацвердзіў, што Еўропа будзе надалей весці дыялог з беларускім урадам. І, як адзначыла Алена Танкачова, надаў значную ўвагу свабодзе СМІ і захаванню правоў чалавека.

"Па-першае, спадар Салана сказаў, яны будуць весці дыялог з беларускім урадам. Пры гэтым еўраструктуры намерваюцца патрабаваць удзелу ў дыялогу не толькі афіцыйнага Мінску, але і прадстаўнікоў альтэрнатыўных поглядаў. Па-другое, ён адзначыў, што пытанні прэсы будуць заставацца ў фокусе ўвагі перамоваў. І трэцяе (што, на мой погляд, крайне важна і прагучала вельмі ясна!) — гэта працяг сістэмнага маніторынгу за захаваннем правоў чалавека ў галіне палітычных правоў і свабодаў. Гэта значыць, пытанне палітвязняў, пытанне свабоды сходаў, пытанне свабоды асацыяцый і, я думаю, пытанні выбарчага заканадаўства".

Дарэчы, удзельнікі сустрэчы адзначылі, што першая спатканне Хаўера Саланы ў Беларусі прайшло з прадстаўнікамі апазіцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі