Салдат ЦАХАЛ: "Цяпер страляюць па нас. І ты сядзіш, чакаеш — прыляціць ці не?"
Байцы ЦАХАЛ, фота ілюстрацыйнае
Пяхотнік ЦАХАЛ Томі проста цяпер знаходзіцца ў ста метрах ад ліванскай мяжы (у Ліване дзейнічае групоўка "Хезбала"). Адразу за памежным плотам — ліванская вёсачка. Адтуль у Томі і яго падраздзяленне стралялі.
Апошнія тры тыдні Томі жыве тут, на самай мяжы Ізраіля, у невялікім населеным пункце. Тут няма ніводнага цывільнага — толькі вайскоўцы. Усіх жыхароў з дзесяцікіламетровай памежнай зоны перасялілі ў больш бяспечныя месцы.
— Калі надоечы я вяртаўся на базу, было ўжо позна. Мы ехалі шашой праз суседні горад, і ён быў цалкам цёмным. Вакол — шматпавярховікі, але ні ў адным не гарыць святло. Горад-прывід, толькі блок-пасты з салдатамі — людзей эвакуявалі. Выглядае гэта даволі жудасна, — расказвае нам Томі.
Калі мы напісалі яму 7 кастрычніка, Томі папрасіў адкласці інтэрв'ю да "пасля вайны". Чакання, што так раптоўна распачатая вайна хутка скончыцца, не было ўжо тады — але яшчэ было неразуменне, што наогул адбываецца. Томі кажа, што параўнаць гэта можна хіба што з 24 лютага ва Украіне.
“Камандзір напісаў у ватсапе: праз пару гадзін будзь там і там”
А 6 кастрычніка быў вельмі нядрэнны дзень, успамінае Томі. Ён схадзіў з сябрамі ў паход, вярнуўся — і праспаў паўдня. А ўвечары зноў сустрэўся з сябрамі і прасядзеў з імі да чатырох раніцы.
— А ўжо ў 8 раніцы мяне разбудзіў сябар: сказаў, што пачалася нейкая херня. Мы не чакалі, што такое можа здарыцца, хоць і прывыклі да вайны, прывыклі да абстрэлаў. Але не да таго, што цябе могуць абудзіць і сказаць, што тэрарысты ўзялі закладнікаў, што тэрарысты ездзяць па горадзе на машынах і расстрэльваюць людзей.
Тады я ўпершыню ўбачыў такую колькасць рэзервістаў — не маладых лысых салдат тэрміновай службы, а дарослых мужыкоў 30-40 гадоў. Усе прыехалі з цывільнага жыцця.
Хоць я пяхотнік і адношуся да баявых войскаў, мяне павінны былі прызваць, толькі калі б нешта здарылася на поўначы, на мяжы з Ліванам. У крайнім выпадку я думаў, што прызавуць, калі трэба будзе закрыць "дзіркі" на поўдні.
Але сітуацыю ацанілі інакш. Імаверна, меркавалі, што іранскія групоўкі — а яны знаходзяцца ў Іраку, Ліване і Сірыі — могуць падаць голас. І была імавернасць, што яны таксама зойдуць на нашы тэрыторыі і паспрабуюць захапіць населеныя пункты. Таму нас у першы ж дзень паслалі на поўнач.
Цяпер мы тут практычна нікога не атакуем. Страляюць па нас. І ты сядзіш, чакаеш — прыляціць па табе ці не? І ў гэтым усё напружанне: ты не ведаеш, чаго чакаць, не ведаеш, калі гэта скончыцца. Не ведаеш, што будзе з паўночнай мяжой — а яна паволі разаграваецца. Ужо цяпер пастаянна бамбяць.
Так, усё яшчэ не так, як на поўдні, — там ужо пачынаецца наземная аперацыя. Але тут таксама ўвесь час лётаюць ракеты, падаюць бомбы. Па нас пастаянна працуюць СТКРы (супрацьтанкавыя ракеты) і мінамёты.
“Больш за ўсё хацеў паспаць без адзення ў сваім ложку”
Надоечы Томі змог паўтара дня правесці дома — папярэднія тры тыдні быў на пазіцыях. Ехаць на адпачынак нават пабойваўся — прадчуваў, што будзе складана зноў вяртацца да ролі салдата.
— Больш за ўсё хацеў паспаць без адзення ў сваім ложку. Мы тут сядзім 24 гадзіны ў суткі ў чаравіках армейскіх і ў рыштунку. Я не перабольшваю, нам нельга гэта здымаць. І вось калі ты тры тыдні сядзіш потны, брудны — а зіма ў нас яшчэ не пачалася, тут +30, — то больш за ўсё хочаш зняць гэты рыштунак і легчы ў чысты ложак.
У плане ежы ў нас усё ў парадку. Мы вайсковай ежы не ядзім, нам цывільныя прывозяць і хатнюю ежу, і рэстаранную.
Калі Томі ехаў дадому, думаў, што прабавіць шмат часу з сябрамі. Але аказалася, што ён занадта хоча спаць.
— Я прыехаў у пятніцу раніцай, а ў суботу пасля абеду ўжо трэба было вяртацца на базу. Думаў, сустрэнуся з сябрамі ў пятніцу ўвечары, але пакуль разабраўся з усімі справамі — схадзіў у краму, пастрыгся — было ўжо тры гадзіны дня. Думаў, пасплю пару гадзін і прачнуся да сустрэчы, а прачнуўся каля паўночы. З сябрамі сустрэўся толькі наступнай раніцай.
Томі жыве ў Хайфе — гэта горад на поўначы Ізраіля. Калі ён ішоў у форме па вуліцы, на яго ледзь звярталі ўвагу. Горад жыў сваім жыццём. Калі сядзеў на прыпынку і чакаў сябра, з якім павінен быў ехаць на базу, усё было інакш.
— Шмат машын, праязджаючы міма, сігналілі і казалі добрыя словы. Потым пад'ехалі дзве дзяўчыны, спыталі, колькі я тут буду сядзець. Я адказаў — хвілін 30-40. Яны: акей, мы пад'едзем і прывязем табе нішцякоў. Вярнуліся з піцай і колай.
Хлопцы расказвалі, што часам у кавярні маглі бясплатна пачаставаць. У цырульні — не ўзяць грошай.
На базу нам часта прывозяць ахвяраванні — ежу, прадметы асабістай гігіены. Рыштунак сталі прывозіць — і форму, і каскі, і разгрузкі, і бронекамізэлькі. У мінулых аперацыях не памятаю, каб падвозілі рыштунак. Цяпер, відаць, прызвалі вельмі шмат людзей, і ўвесь найлепшы рыштунак адправіўся на поўдзень.
І так, калі вярнуўся на базу, спачатку насамрэч было няпроста зноў увайсці ў ролю салдата. Я паспеў зноў уцягнуцца ў цывільнае жыццё за тыя паўтара дня, што ў мяне былі.
Першы тыдзень Томі пастаянна сядзеў у тэлеграме, чытаў навіны. Цяпер таксама чытае — але менш.
— З хлопцамі часцей гаворым пра дробязі. Ці пра справу: што рабіць, калі на нас нападуць, калі будуць абстрэльваць.
— А гуманітарную катастрофу ў Газе абмяркоўваеце?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.