Самалёт “Белавія” падчас пасадкі ў Кіеве выкаціўся з пасадачнай паласы
Самалёт “Белавія” трапіў у інцыдэнт у аэрапорце “Кіеў”. Як паведамляе сайт аб украінскай авіяцыі wing.com.ua, рэйс В2847 з Мінска мусіў прызямліцца 12 ліпеня ў 23:40. Падчас пасадкі борт выкаціўся на 100 метраў з узлётна-пасадачнай паласы. Ніхто не пацярпеў.
Аэрапорт часова не прымаў самалёты, борты, якія прыбывалі, сыходзілі на запасныя аэрадромы.
Гаворка вядзецца пра самалёт “Боінг 737-300” кампаніі “Белавія”. Борт не атрымаў істотных механічных пашкоджанняў.
У снежні мінулага года ў кіеўскім аэрапорце “Барыспаль” здарыўся падобны інцыдэнт з самалётам “Белавія”: падчас жорсткай пасадкі ва ўмовах неспрыяльнага надвор’я паветранае судна зачапіла грунт стойкай шасі і пасля гэтага самалёт пракаціўся па ўзлётна-пасадачнай паласе, заехаўшы на стаянку для паркоўкі. Пры гэтым самалёт знес ліхтары на паласы. Тады таксама абышлося без пацярпелых.
І таксама ў “Барыспалі” ў снежні 2017 года беларускі самалёт выносіла з паласы на грунт.