Самалёт Лукашэнкі прызямліўся ў Мінску
Расійскі гарналыжны курорт кіраўнік Беларусі наведваў разам з малодшым сынам Мікалаем.
Згодна з дадзенымі сайта flightradar, самалёт Аляксандра Лукашэнкі вярнуўся з Сочы позна ўвечары ў нядзелю 8 лютага.
Пра тое, што кіраўнік Беларусі знаходзіцца ў адпачынку ў Сочы, 2 лютага паведаміла яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант.
“Падчас знаходжання ў гэтым рэгіёне, кіраўнік краіны мае намер азнаёміцца з тым, як рэалізуюцца планы па развіцці беларускай спартыўна-турыстычнай базы, а таксама правесці шэраг сустрэч. У прыватнасці, запланаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным”, — гаварылася ў паведамленні.
Згодна са звесткамі таго ж сайта flightradar, які адсочвае перамяшчэнні афіцыйна зарэгістраваных самалётаў, Boeing 767 кіраўніка Беларусі вылецеў у Сочы 30 студзеня. Гэта значыць, на наступны дзень пасля прэс-канферэнцыі беларускім і замежным СМІ. Адпаведна, Аляксандр Лукаэнка адпачываў каля 9 дзён.
Падчас адпачынку ён насамрэч сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, якому падзякаваў за запрашэнне адпачыць у Сочы. Расійскі гарналыжны курорт кіраўнік Беларусі наведваў разам з малодшым сынам Мікалаем.
Нагадаем, што ў сераду 11 лютага ў Мінску пройдуць перамовы па Украіне з удзелам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель. Кіраўнік Беларусі паведаміў, што прыкладзе ўсе намаганні для належнай арганізацыі сустрэчы на такім высокім узроўні.