Сайты “Хартыі” і “Беларускага партызана” пачалі блакаваць

Сайты “Хартыі” і “Беларускага партызана” пачалі блакаваць. Паводле інфармацыі рэсурса spring96.org, “Хартыю” блакуюць “Дзелавая сець”, IP Telecom, ADSL.BY і “Гарант”, а таксама мабільны аператар Life:). “Партызан” заяўляе пра блакіроўку “некаторымі правайдарамі”, але не канкрэтызуе.

Карыстальнік, як трапляе на заблакаваны сайт, бачыць паведамленне: “Доступ да рэсурсу заблакаваны на падставе Пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра Рэспублікі Беларусь №6 / 8 ад 19 лютага 2015 года”.

Тым часам чытачы паведамляюць, што згаданыя сайты адкрываюцца праз Life:) і ADSL.by. Але праз ADSL.by не адкрываецца таксама сайт spring96.org.

У тэхпадтрымцы “Дзелавой сеці” і ADSL.by прызналі блакіроўкі. Прэс-служба Life:) пакуль не ўпэўненая ў сітуацыі, але паабяцала ў хуткім часе выдаць прэс-рэліз адносна блакіровак.
Даведацца пра блакіроўку таго ці іншага рэсурсу можна адно эксперыментальным шляхам.

Як распавёў “Нашай Ніве” начальнік аддзелу інфармацыйных тэхналогій БелДІЭ (арганізацыя, што складае “чорны спіс”) Аляксандр Сімановіч, спіс абмежаванага доступу прадстаўляецца толькі арганізацыям, згаданым у адмысловай пастанове Мінінфарму, Мінсувязі, органам, што здзяйсняюць аператыўна-вышуковую дзейнасць і органам пракуратуры, Камітэту дзяржкантролю, падатковым органам, судам і пастаўшчыкам інтэрнэт-паслуг).

Правайдары абавязаныя заблакаваць рэсурс з “чорнага спісу” цягам 24 гадзін пасля атрымання інфармацыі пра ўключэнне ў “чорны спіс”.

Цягам трох рабочых дзён пасля прыняцця вырашэння пра ўключэнне ў “чорны спіс” Мінсувязі абавязанае выслаць копію вырашэння аб блакіроўцы ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу.

Паведамленні аб блакіроўках пачалі паступаць 25-26 сакавіка. У выпадку, калі вырашэнне пра блакіроўкі было прынятае 24-25 сакавіка, уладальнікі заблакаваных рэсурсаў маюць атрымаць копію пастановы пра блакіроўку сёння ці ў панядзелак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі