Рабочы і афіцэр будуць плаціць. Урад падымае "непад'ёмную" камуналку і без МВФ

Рабочы і афіцэр будуць плаціць. Урад падымае "непад'ёмную" камуналку і без МВФ

3 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка назваў зняважлівымі ўмовы, на якіх МВФ прапануе Беларусі новы крэдыт. "Так, хочацца атрымаць тры мільярды таннага крэдыту. Я таксама за. Але кошт абсалютна непад'ёмны для нас і несправядлівы ў дачыненні да народа, перакрэслівае ўсю палітыку, якую мы праводзілі да гэтага часу", — зазначыў кіраўнік краіны.

Гаворка ідзе пра падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Па звестках МВФ, у 2015 годзе беларусы аплачвалі 48,5% ад іх поўнага кошту, астатняе субсідыявала дзяржава. За 2016 год тарыфы падняліся на 10%, але гэтага мала: каб пачаць размовы пра новы крэдыт для Беларусі, яны настойваюць, каб у 2017 годзе беларусы аплачвалі 75% ад камуналкі, а ў 2018 годзе — усе 100%.

"Давайце паглядзім, хто зможа заплаціць па тарыфах, якія нам сёння навязваюцца (з папярэджаннем не падвышаць заробкі). Хто? Рабочы — не, селянін — не, настаўнік — не, доктар — не, дзяржслужачы — не, афіцэр — не. А хто? Няхай 100-200 тысяч бізнесоўцаў, а ў нас амаль 5 млн працоўных. Які эфект мы ад гэтага атрымаем?" — працягваў пляжыць МВФ Аляксандр Лукашэнка. І дадаў, што ўрад не мае права зрабіць беларускі народ жабракамі.

ЕўрАзЭС — 70%, МВФ — 75%. Дык хто выкручвае рукі Лукашэнку?

Адказ на гэтае пытанне можна прачытаць у "Праграме дзейнасці ўрада Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады". У дакуменце, прынятым нашым урадам 5 красавіка, сказана: "У 2016 годзе плануецца дасягнуць 50-працэнтнага ўзроўню пакрыцця насельніцтвам выдаткаў па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслугаў за кошт зніжэння выдаткаў арганізацый, што аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі, шляхам запланаванага падвышэння тарыфаў. У 2017 годзе плануецца выхад на 75-працэнтны ўзровень пакрыцця насельніцтвам гэтых выдаткаў, да канца 2018 года — на поўнае ўзнаўленне".

Урад ужо некалькі месяцаў таму прапісаў у праграме сваёй дзейнасці падвышэнне тарыфаў, якое Аляксандр Лукашэнка цяпер назваў зняважлівым, непад'ёмным і несправядлівым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі