Сэрвіс дастаўкі з Камароўкі змог прапрацаваць толькі адзін дзень
Новы сэрвіс дастаўкі прадуктаў з Камароўскага рынку здолеў адпрацаваць толькі адзін дзень і зачыніўся. Паведамляецца, што гэта часова.
Сайт дастаўкі прадуктаў з Камароўкі пачаў працу 14 студзеня. Аднак ужо сёння на ім вісіць абвестка: "Сайт на дапрацоўцы. Прыносім свае прабачэнні. Сайт у хуткім часе будзе запушчаны". Распрацоўшчыкі абяцаюць, што сайт адновіць працу 21 студзеня 2020 года.
Як піша TUT.by, прычынай гэтага стаў нечакана вялікі наплыў кліентаў. Зрабіць замову на сайце адначасова спрабавалі каля 8 тысяч чалавек. У выніку сервер проста не вытрымаў такой нагрузкі і "лёг". Цяпер сайт пераязджае на іншы сервер.
Арганізатары абяцаюць выканаць усе заяўкі, пакінутыя 14 студзеня да 00:00 гадзін. Час дастаўкі будзе ўзгадняцца з кліентамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.