Шаблі ператворацца ў дзіцячую “Краіну цмокаў”

У сярэдзіне ліпеня ў Шаблях пройдзе першы музычна-тэатральны, творчы дзіцячы фестываль “Краіна цмокаў”. Яго арганізатары — кампанія “Будзьма беларусамі”, гаспадар хутара Уладзімір Шаблінскі і журналістка Ганна Трубачова. Ідэя імпрэзы належыць менавіта Ганне — маме дваіх дзетак.

Ганна Трубачова: “У Мінску няшмат месцаў, якія можна наведаць з дзецьмі. І вось, у нейкі момант мы сталі запрашаць знаёмых, сяброў — музыкаў, актораў — рабіць невялікія спектаклікі ў нас дома, проста ў кватэры. І мы збіралі дзяцей сяброў — часам да 30 чалавек, і гралі для іх спецыяльныя дзіцячыя праграмы. У нейкі момант я падумала, што было б здорава зрабіць нешта падобнае для вялікай колькасці дзяцей адразу”.

Сцэна фэста будзе аддадзеная гэтым самім музыкам ды акцёрам. Другая частка праграмы “Краіны цмокаў” — усемагчымая творчая і фізічная актыўнасць, пачынаючы ад знакамітых творчых майстэрняў галерэі “Ў”, заканчваючы футболам, фрысбі, спаборніцтвамі ў запусканні паветраных змеяў і мыльных бурбалак. Апроч гэтага, гаспадар Шаблёў Уладзімір Шаблінскі правядзе экскурсію па сцежках цмокаў і распавядзе маленькім вандроўнікам цікавосткі пра мясцовых казачных жыхароў.

Ганна Трубачова ўпэўненая, што фэст будзе цікавы для сем’яў, бо падобнага кшталту мерапрыемства будзе праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Арганізатарка заклікае ўсіх жадаючых — прафесіяналаў і аматараў, якія маюць ідэі, датычныя адпачынку дзяцей, — падключацца да “Краіны цмокаў”.

“Гэта можа быць што заўгодна, — запэўнівае Ганна, — ад маленькага самадзейнага цырку да майстар-класаў па прыгатаванні піцы для дзяцей”. Свае прапановы і ідэі можна пакідаць на старонцы “Краіны цмокаў” у Facebook. 

Лайнап фэсту і дата правядзення будуць аб’яўленыя ў бліжэйшы час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі