"Шэнгены" для беларусаў не стануць даражэйшымі, нягледзячы на дэмарш уладаў РБ
"Шэнгены" для беларусаў не стануць даражэйшымі, нягледзячы на дэмарш уладаў Беларусі — наша краіна выходзіць з дамовы аб рэадмісіі. Пра гэта піша ў Twitter аглядальнік Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзвяк (са спасылкай на прэсавую прадстаўніцу замежнапалітычнай службы ЕС Набілу Масралі): "Рашэнне аб прыпыненні дзеяння Пагаднення аб рэадмісіі не мае на ўвазе аўтаматычнага прыпынення дзеяння Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю...".
Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства" і пачынае працэдуру прыпынення Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС (яно было падпісана ў пачатку 2020-га) у адказ на санкцыі. У ЕС гэта лічаць "крокам назад".
Пагадненне аб рэадмісіі прымалася ў пакеце з дамовай аб спрашчэнні выдачы шэнгенскіх віз для беларусаў. Яны патаннелі для беларусаў, сталі каштаваць 35 еўра. Цяпер жа ўзнікла засцярога, што "шэнгены" могуць зноў падаражэць да 80 еўра. Але гэта не пацвярджаецца.
"Дзеянні рэжыму Лукашэнкі ізалююць краіну, але мы робім усё магчымае, каб пры гэтым не быў ізаляваны беларускі народ", — кажа Набіла Масралі.
У сённяшнім стрыме Еўрарадыё аналітык Арцём Шрайбман таксама выказаў думку аб тым, што візы для беларусаў не падаражэюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.