Шосты транш крэдыту ЕўрАзЭС адкладзены на паўгода
Савет Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС адклаў выдачу Беларусі шостага транша фінансавага крэдыту.
Прычынай называецца невыкананне 10 з 14 паказчыкаў дзейснай стабілізацыйнай праграмы. Такое рашэнне, паведамляе БелаПАН, было прынята 27 снежня па выніках трынаццатага (завочнага) паседжання Савета фонду.
Беларускаму боку рэкамендавана распрацаваць і рэалізаваць меры, неабходныя для выканання ўсіх паказчыкаў шостага транша. Гэтыя меры і тэрміны іх выканання трэба ўзгадніць з Еўразійскім банкам развіцця. Пры гэтым Савет АКФ падоўжыў стабілізацыйную праграму да 1 ліпеня, а дату даступнасці фінансавага крэдыту — да 31 снежня 2014 года. Пытанне пра вылучэнне Беларусі шостага транша Савет АКФ ізноў разгледзіць у трэцім квартале 2014 года.
Па словах намесніка старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця Сяргея Шаталава, да невыканання паказчыкаў прывяло спалучэнне як вонкавых фактараў, "якія непадуладныя ўраду і Нацыянальнаму банку Беларусі", так і ўнутраных, спароджаных крокамі беларускіх улад.
Нагадаем, пачатак дзейснай праграмы Беларусі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС быў пакладзены два з паловай года таму. Беларусь павінна атрымаць 3 млрд долараў. Шосты, апошні транш крэдыту мусіў паступіць у краіну ў лістападзе 2013 года.
Фота — profi-forex.org