Шоў-бізнес у Германіі: як у Майнхайме рыхтуюць поп-зорак і прадзюсараў

У нас ўсё выглядае так: музычная школа, музычны каледж, акадэмія музыкі — і ты профі. Праўда, бывае, што сыграць польку пасля складаных партытур Баха для кансерваторскага бубнача — проста вышэйшы пілатаж. А вось у Германіі можна Баха не ведаць. Але калі ты крута граеш на бубнах, гітары, басе, клавішах ці крута спяваеш, прычым, адразу ў 2-х гуртах, можаш стаць студэнтам Акадэміі папулярнай музыкі ў Манхайме.


"Мы абодва, Марцін і я хочам падзяліцца з вамі досведам працы ў адукацыі ў галіне папулярнай музыкі і музычнага бізнесу. Мы спадзяемся, што наш досвед натхніць вас на ідэі, якія вы зможаце ўвасобіць у Беларусі", — кажа доктар Давід-Эміль Вікстром. Ён кіруе праграмай бакалаўрыята па спецыялізацыі "Дызайн папулярнай музыкі" у майнхаймскай Акадэміі і прыехаў у беларускую сталіцу ў межах праекта "Мінская акадэмія папулярнай музыкі" Інстытута Гётэ.


Фішка ўстановы ў тым, што яны выпускаюць музыкаў і прадзюсераў, творчасць і праца якіх будзе актуальная менавіта тут і цяпер, а не заўтра ці "калі-небудзь". Да таго ж, музыкі і прадзюсары падчас навучання мяняюцца месцамі. То бок, прадзюсеры вывучаюць гармонію і тэорыю музыкі, граюць на інструментах. Музыкі ж знаёмяцца з асновамі менеджменту, маркетынгу, музычнага права. Разам студэнты ладзяць канцэрты і фестывалі, музычныя турнэ сваіх гуртоў, прычым, самастойна знаходзяць спонсараў, сярод якіх такія буйныя "магнаты" як Universal i BMW.

Будынак Pop-Акадэміі ў Манхайме


Пытаемся ў Давіда, як можна нямецкі досвед прымяніць да беларускай музычнай адукацыі, праграмы якой пішуцца ў кабінетах за закрытымі дзвярыма:


"Трэба пачынаць з малога і з самога сябе. Некалі мой кіраўнік прыдумаў падобны поп-курс у Гамбургу. Ён быў кароткі, 2 разы на тыдзень, і разлічаны на невялікую аўдыторыю. І канцэпцыю, якой мы прытрымліваемся ў нашай поп-акадэміі, ён апрабаваў там. Напрыклад, выкладчыку трэба спачатку быць музыкам ці прадзюсерам, а потым выкладчыкам. І трэба самастойна ўвасабляць свае ідэі".


Вучыцца ў Акадэміі ў Манхайме, да прыкладу, трэба 3 гады, каб не цягнуць ката за хвост, а аператыўна стаць на ногі і зарабляць грошы. Прычым, абавязковым для ВНУ з'яўляецца курс "Эканоміка прадпрыемства". Бо сітуацыя на музычным рынку Германіі паказвае, што прасцей самому прыдумаць сабе працу, чым знайсці яе. Таму музыкаў і прадзюсераў адразу знаёмяць з бухгалтарскай справай, юрыспрудэнцыяй і г.д. Але не пужайцеся! Загружаныя "бухгалтэрыяй" студэнты пры гэтым зусім не мусяць вучыць вышэйшую матэматыку і нямецкую літаратуру. З гэтым ужо скончана! Да таго ж, у іх ёсць дні сярод тыдня на самападтрыхтоўку!


"Цікава паслухаць, як студэнты могуць існаваць у цалкам адрозных ад нашых межах, падыходах, умовах, і ўвогуле, што можна існаваць у такіх межах, — дзеліцца ўражаннямі ад семінара Вольга Слахеева, VJ і куратар адукацыйнага фестывалю Artеs Liberalеs. — Бо ў нас — гэта ціхі і спакойны студэнт, які мусіць сядзець і слухаць, а потым — як атрымаецца. Прыходзіш ва ўніверсітэт, цябе вучаць аднаму, ідзеш на працу — а там іншае. Тут жа мы бачым, як могуць суіснаваць тэорыя і практыка".


Ужо адно існаванне адукацыі ў сферы папулярнай музыкі на Захадзе робіць зразумелым існаванне шоў-бізу, як такога, і парадак у ім. А як жа нам, беларусам у нашых натуральных умовах усё ж выйсці на той самы жаданы музычны рынак?


“Мне падаецца, што любая музыка, любога рэгіёну і любой краіны мусіць быць індывідуальнай, заўважнай і прадстаўленай на музычным рынку, — раіць прафесар Марцін Люкэ з вышэйшай школы медыя і камунікацый Macromediа. — І мне шкада, што беларуская музыка з пункту гледжання еўрапейскага незаўважная. Яе няма на рынку, яна мала прадстаўленая і практычна не вядомая. Так не мусіць быць. Беларусам трэба тэрмінова даганяць стандарты па маркетынгу, вывучаць музычны рынак і імкнуцца да прадстаўленасці на ім".

Фота: www.popakademie.de, www.regioactive.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі