Што азначае ультыматум "Газпрома"?

Расійскія эксперты сцвярджаюць, што Масква шалее ад беларускай стылістыкі перамоў, але не можа адказаць нічым, акрамя пагрозаў.

Раніцай 1 жніўня “Газпром” паведаміў, што з 3 жніўня расійскі канцэрн скарачае пастаўкі газу ў Беларусь на 45%. Прэс-сакратар старшыні праўлення расійскага канцэрна Сяргей Купрыянаў даў гэтаму рашэнню чаканае тлумачэнне: пазыка Беларусі перад “Газпромам” за першае паўгоддзе склала 456 мільёнаў долараў, тэрмін вяртання грошай мінуў 10 дзён таму.


Сяргей Купрыянаў: “Нашая ўмова – заплаціць. Але мы, безумоўна, адкрытыя для перамоў. Пакуль ніякіх канструктыўных прапаноў з беларускага боку мы не бачым”.


Нягледзячы на рашучы тон, якім “Газпром” агучвае ультыматум, і сярод беларускіх, і сярод расійскіх аналітыкаў шмат тых, хто лічыць, што да абмежавання паставак газу ў Беларусь не дойдзе. Так, палітолаг Юрый Шаўцоў мяркуе, што ўзяцца за вентыль “Газпрому” перашкодзіць Еўракамісія:


Юрый Шаўцоў: “Мяркуючы па сённяшняй заяве, якая прагучала з ЕС, да адключэння не дойдзе. Але сэнс у любым выпадку ў тым, што нават калі дойдзе, тая спрэчка, праз якую ўтварылася праблема, не такая ўжо і вялікая. Паўмільярда долараў беларускай пазыкі ў Беларусі ёсць. Гэта не студзень гэтага года, гэта так, бягучыя праблемы”.


Загадчык аддзела эканамічнай палітыкі газеты “КоммерсантЪ” Дзмітрый Бутрын выказаў меркаванне, што абвешчанае “Газпромам” скарачэнне паставак газу – больш піяр-акцыя, чым рэальная пагроза. Што ж да перспектывы адключэння, дык…


Дзмітрый Бутрын: “Мяркую, што гэтага не будзе. Я думаю, што ў Маскве чакаюць пэўных унутрыпалітычных дзеянняў у Беларусі, не больш за тое.


Я б параўнаў перамовы па газу паміж Расіяй і Беларуссю з перамовамі па Бушэру паміж Расіяй і Іранам. Стылістыка беларускага і іранскага ўрадаў у такіх пытаннях даволі блізкая: больш слоў, менш спраў.


У Расіі працаваць з такой стылістыкай пакуль што не прызвычаіліся. Не разумеюць, што з ёй рабіць. Наш урад з яе шалее, але пакуль што ніякага разумнага адказу няма”.


На думку спадара Бутрына, прымаючы рашэнне па скарачэнні паставак газу ў Беларусь, “Газпром” скарыстаўся ці не апошнім акном перад пачаткам у Расіі перадвыбарнай гонкі за прэзідэнцкую пасаду. Маўляў, з пачаткам восені пра такія жорсткія і непапулярныя захады, як перапыненне ці скарачэнне паставак газа, можна будзе забыцца.


Але нягледзячы на “апошнюю магчымасць” не толькі публічна заявіць пра намер скараціць пастаўкі газу, але і здзейсніць намер, верагоднасць таго, што вентыль усё ж прыкруцяць, невялікая:


Дзмітрый Бутрын: “Я не думаю, што ў адсутнасць Аляксея Мілера, які па-ранейшаму знаходзіцца на бальнічным, зараз нехта возьме на сябе адказнасць за палітычнае рашэнне па такім адключэнні. Гэта вельмі небяспечна, і, са свайго боку, памяншае шанцы.


З іншага боку, усе разумеюць, што зараз, летам, гэтае магчымае адключэнне – у большай ступені піяр-акцыя, чым нешта рэальнае. У ацяпляльны сезон – іншая гісторыя, але гаворка ідзе пра пачатак лета, і ніякіх праблем з гэтым не будзе”.


Старшыню камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Мікалая Чаргніца заява “Газпрома” ўзрушыла і нават крыху абурыла. Саноўнік лічыць, што паўмільярда долараў – гэта не тая сума, з-за якой варта ставіць плямы на інтэграцыйны працэс паміж дзвюма краінамі.


Мікалай Чаргінец: “У Расіі зашмат начальнікаў. І калі казаць пра некаторых кіраўнікоў буйных кампаній, яны, здаецца, лічаць, што могуць дыктаваць свае ўмовы і Расіі, і іншым дзяржавам. І вызначаць палітыку Расіі, не зважаючы на інтарэсы сваёй краіны”.


Нягледзячы на тое, што за два месяцы да пагрозы скарачэння паставак газу “Газпром” за 625 мільёнаў долараў набыў 12,5 адсоткаў акцый “Белтрансгаза”, забяспечыўшы нашую краіну сродкамі для выплаты пазыкі, спадар Чаргінец усю віну за канфлікт ускладае на расійскі бок:


Мікалай Чаргінец: “Добра лічыць грошы ў чужой кішэні. А калі ёсць дзесяткі, а то і сотні праблемных пытанняў, якія таксама патрабуюць выдаткаў, і часам значных… У тым, што нашая краіна будзе шукаць сродкі, каб разлічыцца за газ, сумневаў няма”.


Юрый Шаўцоў, наадварот, лічыць тое, што грошы ад продажу акцый “Белтрансгаза” не пайшлі на выплату пазыкі, выключна беларускай памылкай:


Юрый Шаўцоў: “Хутчэй за ўсё, гэта проста памылка ўрада, прычым яшчэ не зразумела, якога менавіта ведамства”.


Палітолагі і эканамісты сыходзяцца ў тым, што, нягледзячы на больш чым сціплыя запасы газу, акумуляваныя ў Беларусі, абмежаванне паставак не пацягне за сабой эканамічнага крызісу. Аляксандр Фядута лічыць, што заява “Газпрома” не стала пачаткам канца беларускай эканомікі – праўда, толькі таму, што пачатак канца беларускай эканомікі застаўся ў далёкім мінулым, а ўсё пытанне ў тым, калі ж, урэшце, прыйдзе “заканчэнне яе канца”.


Аляксандр Фядута: “Мы не ведаем, чым скончацца чарговыя перамовы, якія казыры дастане з рукава беларускі ўрад, як доўга ў расійскага ўрада хопіць моцы настойваць на сваёй эканамічнай слушнасці і гэтак далей.


Пытанне ў тым, што адзін з бакоў пралічыўся, і на жаль, гэты бок – Беларусь. Беларускае кіраўніцтва было ўпэўнена, што нічога ў свеце нічога не змяняецца. Але на змену палітычным рамантыкам, такім, як дзядуля Ельцын, прыходзяць палітычныя прагматыкі, якія ўсё больш і больш лічаць грошы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі