Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

На выхадныя выбіраемся ў садовае таварыства "Крыніца", што недалёка ад Радашковічаў. Амаль на кожным участку кіпіць праца — дачнікі збіраюць ураджай. Хто агарод перакопвае і саджае на зіму цыбулю ды часнок, хто капусту зразае і моркву выдзірае, хто проста адпачывае.  

Пытаемся, што сёлета ўрадзіла і чаму дачы па-ранейшаму ў трэндзе.

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Маргарыта Пятроўна: Сёлета ўвогуле добры ўраджай: удалася цыбуля, перцы, а памідоры з'еў туман, дык зрабіла парнік на наступны год. Вунь дайкон пасадзіла — другі ўраджай чакаю. Маліны вельмі шмат было, я яе не закатвала, а замарожвала: менш працы і свежая ягада зімой... Я люблю зямлю, і вельмі добра тут жыць. Калі б не лецішча, то і са здароўем было б горш. А тут энергія іншая, паветра іншае, таму і сэрца па-іншаму стукае.

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Рыгор: Вельмі вялікі ўраджай яблыкаў. І я падтрымліваю прапанову заапарка прывозіць ім яблыкі. Мне дык ездзіць туды далёка. Але я стаўлю часам на прыпынку яблыкі. І назіраю з трэцяга паверха: бяруць людзі! А так яблыкі елі, рабілі пюрэшку. А варэнне не закатваем.  А вось гарбузы з'еў нейкі звер, не ведаю хто. Давялося выкінуць у кампост. Увогуле вырошчваем цыбулю, усю зеляніну, памідоры, гуркі, самае неабходнае... Бутэльку прывязеш, каўбаскі парэзаў, сяброў паклікаў і ўсё цудоўна. Лецішча дапамагае адпачываць і разняволіцца. Гэта рэлакс.

 

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Таццяна Антонаўна: Тушым гародніну. Цыбульку спачатку шынкуем і абсмажваем на алеі. Далей дадаём туды капусту і моркву, гарошак. Можна мяса ці рыбу. І так смачна атрымліваецца!.. Тут свежае паветра. Вось мы прыехалі, адпачылі, і сабралі сваё — гэта чысты прадукт. Гэта не тое, што пайшоў на рынак, набыў, і Бог яго ведае, хто яго і як вырошчваў. А тут ведаеш, што вырашчанае сваімі рукамі. Гэта і ёсць перавага.

 

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Святлана і Толік: Шмат чаго ўрадзіла. Вунь якая капуста, морква, бульба добрая. Яблыкі. Натуральна, тое, што вырошчваем, дапамагае жыць. Але калі палічыць, колькі на бензін сыходзіць і на астатняе, аўчынка вырабу не вартая. Толькі што ведаем, што гэта сваё. 

 

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Ніна Барысаўна: У мяне ўрадзілі толькі памідоры і гуркі. Астатняе ўсё гніе. Вось паглядзіце на часнок! А пасадзіць жа на зіму трэба. Гуркі з памідорамі закатала. Атрымалася слоікаў 50, а можа, і болей... Яблыкаў мора. У лес выносім. А ўвогуле дача — гэта не маё. Я нарадзілася ў Ленінградзе, вырасла ў камянях. Перажыла блакаду. Муж вельмі хацеў лецішча, а мне гэта не трэба было. Але так раблю, таму што трэба. Ёсць такое слова — "трэба". Нібыта спраўляюся. Толькі радасці ад гэтага не атрымліваю, паверце. З іншага боку, гэта выгадна. Я на кірмашы паглядзела: слоік гуркоў — 45 старых тысяч! З пенсіі хіба можна сабе гэта дазволіць? А так кабачкі, цыбуля, гуркі, памідоры, клубніцы...

 

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Віктар Мікалаевіч: Яблыкі крыху закатваем, але больш закапваем... Вунь колькі тут яблынь: зімовая, позняя, каваленкаўская, антэй, антонаўка, бананавая... Вырошчваем таксама памідоры, гуркі, клубніцы, маліны, ажыны, вінаград... Лецішча — гэта адпачынак. 

 

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Валянціна Сямёнаўна: Я позна саджаю памідоры і прыязджаю, калі цёпла, бо хадзіць не магу праз пазваночнік. Калі былі маладыя, у нас тут было ўсё. І лазня, і палілі кожныя выходныя, а цяпер ледзьве дапаўзеш да канапы. У маладосці на кавалку, што на полі, тут недалёка, саджалі бульбу, буракі, моркву. А тут цяпер што за буракі — лухта! Зямлі гэтай 30 гадоў, але на ёй нічога не хоча расці. У парніках мы і падсыпаем, і падкормліваем... Цяпер стала дарагое святло, будуць ставіць лічыльнікі — ваду будзем аплачваць, 230 за зямлю, кажуць, гэта мала, будуць больш з нас браць. Атрымліваецца, пад паўтара мільёна мы плацім за лецішча. За паўтара мільёна паехаць на кірмаш — накупіш усяго на свеце!

Што беларусы вырасцілі на дачах (фота)

Леанід Мікалаевіч: Я пасадзіў адзін гарбуз, вось ён адзін і вырас. Будзем з яго сок выціскаць і семкі сушыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі