Што кажуць людзі, якія апошнімі прыватызуюць кватэры
Раніцай 15 чэрвеня ля Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, што на Румянцава, 14, людна. Тут афармляюць паперы ў тым ліку і па прыватызацыі дзяржаўнага жылля, якое з 1 ліпеня, калі яго не набыць ва ўласнасць, стане камерцыйным.
"Так атрымалася, што займаемся гэтым толькі цяпер", — кажа Галіна, якая чакае чаргі ў акенца разам са старэнькай матуляй і мужам. Яны прыватызуюць трохпакаёўку плошчай 63 квадратныя метры ў доме, пабудаваным у 1990 годзе.
"Вар'яцкія грошы, за яшчэ савецкую трохпакаёўку плаціць 330 мільёнаў! — абураецца Галіна. — Бяром растэрміноўку на сорак гадоў, першы ўнёсак 33 мільёны, штомесяц давядзецца выплачваць 600 з лішнім тысяч. Для нас увогуле выпадак унікальны, таму што у мамы быў свой дом, яго знеслі без выплаты кампенсацыі. Бацька ветэран. Мама — дзіця, якое выжыла ў акупаваным немцамі горадзе. Ніякіх ільгот. Нічога — у дзяржаве, у якой мы ўсё жыццё адпрацавалі і да якой усё жыццё былі патрыятычна настроеныя. А цяпер прымушаюць нас расчаравацца".
Калі б не ўказ №563, сям'я Галіны наўрад ці занялася прыватызацыяй, бо можна было жыць, пакідаць жыллё дзецям, потым унукам і гэтак далей. Цяпер жа, калі не прыватызаваць кватэру, за яе трэба выплачваць "арэндныя":
"За што плаціць дзяржаве? Адпрацавалі гэтыя кватэры 150 разоў! Толькі што дзецям трэба нешта пакінуць, унукам нешта перадаць!" — не сунімаецца жанчына. Яе падтрымлівае сусед па чарзе, Міхаіл. Ён займаецца прыватызацыяй пакоя ў пакуль яшчэ дзяржаўнай кватэры, дзе мае агульную кухню з чужым чалавекам.
"Раней не атрымлівалася гэта зрабіць, бо не хапала грошай, — прызнаецца мужчына гадоў сарака на выгляд. — Пакой каштуе 200 мільёнаў. 20 — першапачатковы ўзнос. Вось цяпер скажуць, колькі давядзецца плаціць у месяц. Натуральна, што трэба было нешта рабіць, нешта думаць, але тут нас паставілі перад фактам. Таму нікуды не падзенешся".
Што танней, прыватызаваць жыллё ці арэндаваць яго ў дзяржавы
Вераніка з бацькам Васілём чакаюць сваёй чаргі ля ўваходу, на свежым паветры. Хутка "палутарка", у якой усё жыццё пражылі, стане іх уласнасцю. Праўда, кватэра абыходзіцца ім танней, чым пакой Міхаіла: усяго 90 мільёнаў.
"У нас раздзеленыя ліцавыя рахункі, атрымліваецца за адзін пакой будзем плаціць каля ста тысяч, і за другі — 60!" — распавядае Вераніка, якой займацца прыватызацыяй загадала маці.
"Жылі сабе, нармальна, а тут... — уздыхае Васіль. — Дзяржава грошы здзірае, і больш нічога, я так думаю. Кватэра 1972 года, а за яе плаціць такія вар'яцкія грошы, 90 тысяч! Мы даўно ўжо выплацілі гэтыя грошы, а яны рвуць! Там нават капрамонту не было, толькі абяцаюць. Казалі, хоць вокны памяняюць — дзе там!".
1 ліпеня непрыватызаванае жыллё пяройдзе ў камерцыйны фонд дзяржавы. Тыя, хто не паспее ці не захоча напісаць заяву аб прыватызацыі да вечара 30 чэрвеня, вымушаныя будуць апроч камуналкі, плаціць і арэндную плату. У розныя раёнах Мінска, напрыклад, яна будзе рознай: чым далей ад цэнтра, тым менш давядзецца плаціць.