Штраф драматургу Карэліну "зменшылі" з 10 да 7 мільёнаў рублёў
Ад пачатку на сайце МУС паведамлялася, што па артыкуле “Абраза” яму прысудзілі 50 базавых велічынь штрафу, хаця закон прадугледжвае не больш за 20.
На 3 мільёны рублёў менш давядзецца заплаціць драматургу Андрэю Карэліну за свае выказванні ў інтэрнэце. Гэта вынікае з выпраўленай інфармацыі на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Сума пакарання нечакана зменшылася пасля таго, як Андрэй Карэлін у інтэрв’ю Еўрарадыё звярнуў увагу на неадпаведнасць велічыні штрафу заканадаўству.
Андрэй Карэлін: “Другі суд праходзіў па заяве жонкі міліцыянера Іванчыка, які загінуў, у дачыненні да якога я ў сваім каментарыі напісаў два словы: “непадрыхтаваны” і “непрафесійны”. Яна прасіла прыцягнуць мяне да адказнасці за абразу памяці яе нябожчыка-мужа. Мяне пакаралі па артыкуле 9.3 Адміністрацыйнага кодэкса. Што дзіўна, гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 4 да 20 базавых велічынь. А мне далі 50! Яны што — перарабілі Адміністрацыйны кодэкс? Далі ў 2,5 разы больш, чым маглі даць па законе!?”
Інфармацыя пра 10 мільёнаў штрафу была і на сайце МУС, а таксама была агучаная ў афіцыйных СМІ. Няўжо пасля публікацый з гэтай нагоды ў незалежных СМІ справу ў судзе пераглядзелі і прысуд змянілі? Гэтым Еўрарадыё цікавіцца ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска.
Суд Фрунзенскага раёна: “Улічваючы, што вы не прадстаўляеце нейкі бок па дадзенай справе, то такую інфармацыю падаваць вам мы не маем права”.
Што гэта было — перагляд справы ці банальная памылка, не кажуць і ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў міністэрства.
МУС: “Уся сума — 7 мільёнаў. Па двух фактах. Па першым — 5 мільёнаў, па другім — 2. Гэта тая інфармацыя, якая апошняя і якая размешчаная на сайце”.
Юрыст Павел Сапелка ўпэўнены, што суд не мог парушыць нормы закона і прысудзіць штраф большы, чым прадугледжваецца адпаведным артыкулам.
Павел Сапелка: “Па артыкуле “Абраза” ўстаноўлены максімум — 20 базавых велічынь. І суд адназначна не можа выйсці за межы гэтага памеру”.
І не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што ніхто не жадае тлумачыць з’яўленне памылкі.
Павел Сапелка: “Не ведаю дакладна, на якой стадыі гэтая памылка ўзнікла, але яна ўзнікла. Затое ведаю дакладна, што ніхто яе цяпер абвяргаць не будзе. Таму што… такія памылкі не абвяргаюць!”
Асабліва ў выпадку, калі і справа, і прысуд не толькі мелі такі шырокі розгалас, але і выклікаюць шмат пытанняў.
Павел Сапелка: “Шчыра кажучы, я не разумею, за што яго пакаралі. Абраза — гэта наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме. Там жа былі ацэначныя меркаванні. Магчыма — непрыемныя, магчыма — не ў тым кантэксце, магчыма — не да часу, але тое, што я чытаў, гэта не больш як ацэначныя меркаванні”.
Тым не менш юрыст пацвярджае: пакрыўджаныя драматургам супрацоўнікі МУС і жонка загінулага міліцыянта Іванчыка могуць бліжэйшым часам падаць у суд на Карэліна з патрабаваннем аб кампенсацыі маральнай шкоды.
Андрэй Карэлін
Фота: Еўрарадыё, з архіва Андрэя Карэліна