Штраф за няяўку ў ваенкамат павялічаць у 6 разоў
Армія
У Беларусі павялічылі штрафы за няяўку ў ваенкамат па позве. Цяпер за ігнараванне "мерапрыемстваў па прызыве" можна атрымаць штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (ад 370 да 1,1 тыс. рублёў). Раней максімальная сума штрафу складала 5 базавых велічынь.
Змены ў шэраг законаў, звязаных з вайсковай службай, апублікавалі на нацыянальным інтэрнэт-партале.
Цяпер позвы беларусам могуць уручаць "па месцы іх працы, а таксама па месцы знаходжання грамадзян". Гэта значыць — у любым месцы, дзе прызыўніка выявяць.
Калі ваенкам папросіць, то аператары мабільнай сувязі абавязаныя разаслаць інфармацыю аб неабходнасці з'явіцца ў ваенкамат праз СМС. На працягу тыдня аператары сувязі абавязаныя па запыце прадастаўляць ваенкаматам інфармацыю аб нумарах прызыўнікоў.
Акрамя таго, цяпер шаснаццацігадовыя маюць права "прымаць удзел у выкананні работ абароннага характару ў мірны час" — верагодна, гаворка ідзе аб удзеле ў народным апалчэнні. "Апалчэнцам" абяцаюць на час удзелу ў такіх мерапрыемствах плаціць заробак на асноўным працоўным месцы, а калі яны беспрацоўныя, то ім будуць налічвацца асобныя грашовыя выплаты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.