Сітуацыя пад кантролем? Лякарні павялічылі закупкі мяшкоў для трупаў
Некаторыя лякарні ў Беларусі падчас чацвёртай хвалі каранавіруса значна павялічылі закупкі патолагаанатамічных мяшкоў. Гэта вынікае з тэндараў, якія яны размясцілі на сайце goszakupki.by.
Еўрарадыё праглядзела закупкі мяшкоў для трупаў, якія публікаваліся раней і цяпер. Спойлер: розніца ў разы!
Спачатку нашу ўвагу прыцягнуў Рэспубліканскі шпіталь Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, што знаходзіцца ў Мінску. У адносна спакойны люты 2021 года, калі другая хваля пайшла на спад, а трэцяя яшчэ не пачалася, туды закупілі 100 мяшкоў для трупаў. Гэта абышлося ў 2000 рублёў.
У канцы кастрычніка ўстанова размяшчае новы тэндар. Хоць у загалоўку і значацца “Чахлы спецыяльныя аднаразовага выкарыстання”, але пры вывучэнні закупкі становіцца зразумела, што гэта ўсё тыя самыя “патолагаанатамічныя мяшкі”. Іх цяпер патрабуецца 200! А гэта роўна ў два разы больш.
Цікавае знаходзім “у Навагрудку”. Паўгода таму, падчас трэцяй хвалі каранавіруса, цэнтральная раённая бальніца размяшчае тэндар на 100 мяшкоў для трупаў. За іх яна гатова аддаць усяго 699 рублёў.
Новы тэндар (і зноў на 100 мяшкоў) размяшчаецца ў верасні.
Але ўжо праз паўтара месяца лякарня публікуе яшчэ адзін тэндар — і гэтым разам адразу на... 300 мяшкоў! Гэта значыць, партыі за верасень і кастрычнік агулам перавышаюць красавіцкі тэндар у 4 разы!
Падобную сітуацыю бачым і ў Маладзечне. Мясцовая цэнтральная раённая бальніца ў лютым закупляе 150 мяшкоў па 10 рублёў за штуку.
20 верасня міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч афіцыйна абвяшчае СМІ пра пачатак чацвёртай хвалі каранавіруса. Акурат у гэты дзень маладзечанская лякарня размяшчае новы тэндар — ужо на 225 мяшкоў.
А менш чым праз месяц яшчэ адзін — на 300! Гэта значыць, увосень ім патрабуецца ў 3,5 раза больш мяшкоў, чым у канцы зімы.
У той час калі расце колькасць хворых, Лукашэнка на мінулым тыдні раптам запатрабаваў адмяніць абавязковы масачны рэжым. Апроч гэтага, ён распарадзіўся адмовіцца ад іншых антыкавідных мер. У выніку з транспарту і крамаў нават зніклі напаміны пра неабходнасць насіць маскі.
За некалькі дзён да гэтага міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч казаў, што "эпідэмічная сітуацыя досыць сур'ёзная... яна пакуль, на жаль, не спрашчаецца". Ён таксама расказваў, што пад хворых на COVID-19 перапрафіляваная траціна ложкавага фонду краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.