СК — пра падрабязнасці справы расіяніна, які 20 гадоў гвалціў жанчын у Беларусі
Следчы камітэт перадаў у суд гучную справу расійскага грамадзяніна, які 20 гадоў ездзіў у Беларусь, каб гвалтаваць жанчын. Пра гэта ў эфіры "Альфа Радыё" паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.
Па яе словах на допытах абвінавачваны спакойна і нязмушана распавядаў пра факты згвалтавання. "Падчас допытаў тлумачыў, што для яго гэта было паляванне. Ён загадзя выбіраў месца і час для здзяйснення згвалтаванняў. Усе гэта было не стыхійна. Пры гэтым месцы падбіраў такім чынам, каб яны добра праглядаліся, не было замкнёнай прасторы. Усё рабілася для таго, каб мець магчымасць у выпадку неабходнасці бесперашкодна ўцячы", — перадае БЕЛТА словы Ганчаровай.
Матэрыялы па справе перададзеныя ў суд. Як паведаміла Ганчарова, мужчыну выстаўленыя абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: згвалтаванне, замах на згвалтаванне, гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, разбой і крадзеж.
Комплексная судовая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза прызнала, што абвінавачаны — у стане свядомасці. Дарэчы, у Расіі пэўны час ён знаходзіўся на лячэнні ў спецустановах, падкрэсліла прадстаўніца Следчага камітэта.
Пацярпелымі па справе прызнаныя 35 жанчын, пры гэтым 11 з іх ніколі не падавалі заявы ў Следчы камітэт або органы ўнутраных спраў. Многія ахвяры не хацелі казаць пра факт згвалтавання, некаторыя наогул адмаўлялі яго.
Як паведамлялася раней, злачынствы адбываліся з 1994-га да 2014 год ўздоўж чыгуначных шляхоў і аўтамабільных дарог на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Мужчына не толькі гвалтаваў сваіх ахвяраў, пагражаючы нажом, але і забіраў у іх ювелірныя вырабы і грошы.
Паведамляецца, што мужчына працаваў кіроўцам у транспартнай кампаніі. Адзін-два разы на год ён прыязджаў у Беларусь. Тады ён рабіў злачынствы, пасля чаго пакідаў краіну.
Следчы камітэт працягвае вышук пацярпелых і просіць паведамляць усю інфармацыю на наступныя нумары: +37517 389-50-02, +37517 389-52-94. Канфідэнцыйнасць і ананімнасць гарантуецца.