Скардзіна: Спадзяюся, Аляксандр Рыгоравіч мяне зразумее
Зорка беларускага біятлону, алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана-2018 і бронзавая прызёрка Сочы-2014 Надзея Скардзіна патлумачыла прычыны свайго развітання з вялікім спортам. Раней яна гаварыла пра стомленасць і адсутнасць матывацыі, у інтэрв'ю "Прессболу" прызналася, што прыйшоў час заняцца асабістым жыццём, стварэннем сям'і.
"Так, ужо 33. Хтосьці сказаў: "Надзя, можа, яшчэ адзін цыкл алімпійскі?" Я адказала: "Ведаеце, плюс адзін цыкл у гэты бок значыць мінус адзін у іншы". Жаночы жарт, але ў ім ёсць праўда", — гаворыць Скардзіна. "Адэкватная жанчына павінна разумець: дарагая, табе час спыніцца і ўспомніць аб асноўным прызначэнні, дадзеным прыродай, — працягвае біятланістка. — І калі не зрабіць гэта своечасова, у цябе застануцца толькі ўспаміны пра спорт. Ну і грошы, якія ты зарабіла. Але яны ніколі не перакрыюць жаночага шчасця... Зараз прыйшоў час іншага шчасця".
"Спадзяюся, Аляксандр Рыгоравіч [Лукашэнка] мяне зразумее", — неаднаразова паўтарае Надзея Скардзіна. Яна спадзяецца, што ён прыме яе рашэнне і парадуецца за яе.