Скотленд-Ярд назваў імёны двух выканаўцаў тэракту ў Лондане

Скотленд-Ярд назваў імёны двух выканаўцаў тэракту ў Лондане

Лонданская паліцыя назвала імёны двух з трох выканаўцаў тэракту 3 чэрвеня. Па звестках праваахоўнікаў, гэта 27-гадовы Хурам Шазад Бат і 30-гадовы Рашыд Рэдуан. 

Абодва яны былі забітыя паліцыянтамі. Імя трэцяга нападніка паліцыя пакуль не называе, перадае Бі-Бі-Сі.

Як паведамляе Скотленд-Ярд, Бат быў родам з Пакістана і меў брытанскае грамадзянства. Паходжанне Рэдуана пакуль застаецца незразумелым. Сам ён называў сябе і мараканцам, і лівійцам, а таксама паведамляў розныя даты нараджэння і імёны.

У паведамленні Скотленд-Ярда гаворыцца, што паліцыя і МІ-5 раней ведалі пра Хурама Шазада Бата, але ніякіх звестак пра запланаваны тэракт не мелі. Рашыд Рэдуан спецслужбам раней вядомы не быў.

Позна ўвечары ў суботу, 3 чэрвеня, у мінакоў на Лонданскім мосце ўрэзаўся аўтамабіль. Пасля гэтага з яго выйшлі тры мужчыны з нажамі і напалі на навакольных людзей. Усе трое мелі на сабе фальшывыя паясы смяротнікаў. У раёне рынку Бора-маркет ўсіх іх забілі паліцыянты.

У выніку тэракту сем чалавек загінулі, а 48 атрымалі раненні. Некаторыя з пацярпелых дагэтуль знаходзяцца ў цяжкім стане. 

Па падазрэнні ў датычнасці да нападу затрыманыя 11 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі