Следчы камітэт: Беражкоў гатовы прасіць памілавання ў Лукашэнкі
Былому выканаўцу абавязкаў гендырэктара і генменеджару ХК "Дынама-Мінск" выстаўленае канчатковае абвінавачанне.
У чацвер, 27 жніўня, Следчы камітэт паведаміў, што ўчора Уладзіміру Беражкову, былому выканаўцу абавязкаў гендырэктара і генменеджару ХК "Дынама-Мінск", выстаўленае канчатковае абвінавачанне. Ён нібыта заявіў следчым, што гатовы прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні, інфармуе Sputnik.
Беражкова абвінавачваюць у незаконным завалоданні 1 млрд 90 млн рублёў, якія належылі клубу, "з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў". Таксама ён уладкаваў на працу ў клуб свайго знаёмага з акладам 15 млн рублёў і яшчэ большымі рэгулярнымі прэміямі, ды "кожны месяц здымаў грошы з яго картрахунка". За год было незаконна пералічана каля мільярда рублёў. Следчыя высветлілі, што Уладзімір Беражкоў здымаў з картрахунка па 60-80 млн рублёў. Адзначаецца, што ўсе гэтыя факты задакументаваныя.
Праваахоўнікі заяўляюць, што арыштаваны рахунак Беражкова ў банку, на якім налічваецца 1 млрд 800 млн рублёў. 133 млн ён ужо кампенсаваў (яшчэ 15 жніўня) і гатовы працягваць кампенсаваць страты. Паводле інфармацыі следства, афіцыйны даход Беражкова — зарплата плюс прэмія — перавышаў 1 млрд рублёў у год, а прэміі даходзілі да 200 млн.
Нагадаем, Уладзімір Беражкоў быў затрыманы 14 жніўня. Яшчэ раней затрымалі гендырэктара ХК "Дынама-Мінск" Максіма Суботкіна. Пра яго паведамляюць, што ён незаконна арганізоўваў для сябе штомесячнае ўзнагароджанне ў памеры 45 млн рублёў. Для гэтага ён незаконна стварыў закрытае акцыянернае таварыства "Маркетынг хакейны клуб "Дынама", інфармуе БЕЛТА са спасылкай на начальніка галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Алега Шандаровіча.
Адзначым, што 21 жніўня Следчы камітэт паведаміў, што Беражкоў афіцыйна абвінавачваецца ў раскраданні 1 мільярда рублёў. Тады яго адвакатка Вольга Стэчман заявіла, што яму афіцыйна не выстаўленае такое абвінавачанне.
Фота: Fotolia i БЕЛТА