Следчыя: раскрываць злачынствы перашкаджае “ўсеагульная дактыласкапія”

Міліцыянеры ў рэгіёнах скардзяцца, што ўдзел ва ўсеагульнай дактыласкапіі перашкаджае ім выконваць свае абавязкі Напрыканцы студзеня ва Ўпраўленні ўнутраных спраў Мінаблвыканкама падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў Мінскай вобласці. Прыз “за дасягненні высокіх паказчыкаў” імя генерал-маёра міліцыі Пукава атрымалі супрацоўнікі Барысаўскага РАУС. Між тым, паводле статыстыкі, летась у Барысаве было зарэгістравана 2780 крымінальных злачынстваў. І толькі 1254 з іх былі былі раскрытыя. Такім чынам, паказчык лепшага ў Мінскай вобласці ўпраўлення склаў 43,5 адсоткаў.

Еўрарадыё паспрабавала дазнацца ў кіраўніка прэс-службы УУС Мінаблвыканкама Аляксандра Шункевіча, якія паказчыкі раскрывальнасці крымінальных злачынстваў маюць іншыя РАУС вобласці ў параўнанні з Барысаўскім.

Аляксандр Шункевіч: “Трэба сыходзіць з таго, наколькі буйны райаддзел, наколькі буйны горад. А яны дзеляцца паводле гэтага на тры катэгорыі – першая, другая, трэцяя. Таму параўноўваць неэтычна, я лічу, наколькі яны адсталі ці наколькі яны апярэдзілі. Ёсць горад, дзе здзяйсняецца 1-2 злачынствы ў дзень, і Барысаў – 19-20 у дзень. Складана параўноўваць. Па колькасці злачынстваў яны, мабыць, і наперадзе ўсёй вобласці, але і па раскрывальнасці”.

Паводле ягоных слоў, сярэдні паказчык раскрывальнасці крымінальных злачынстваў па ўсёй краіне прыблізна такі ж, якога дасягнулі летась міліцыянеры з Барысава – каля 43 адсоткаў. А ўвогуле, кажа Аляксандр Шункевіч, лепшымі барысаўчан прызналі нават не за паказчыкі па раскрывальнасці. Крытэрый быў іншы.

Аляксандр Шункевіч: “Міністэрства лічыць, што давер насельніцтва – гэта вышэйшы крытэр ацэнкі. Наколькі насельніцтва давярае, наколькі насельніцтва гатовае звярнуцца ў міліцыю, наколькі гатова аказаць дапамогу міліцыі. З прыходам новага начальніка там сітуацыя значна палепшылася ў гэтым дачыненні. Маніторынг праводзіцца двойчы на год і паводле дадзеных змены выдатна відаць”.

Але начальнік Барысаўскага РАУС палкоўнік Юрый Мароз шчыра прызнаўся, што на працы нядаўна і нешта зрабіць для паляпшэння іміджу мясцовай міліцыі проста не паспеў. Больш за тое, згодна з яго словамі, паказчыкі “даверу насельніцтва” залежаць насамрэч не ад сапраўднага ўзроўню гэтага даверу, а ад таго, хто і як праводзіць апытанне.

Юрый Мароз: “Апытанне можна праводзіць па двух варыянтах. Па-першае, я магу яго правесці на тэрыторыі так, што і 20% не будзе. А магу правесці так, што будзе і 60, і 70, і 80 – залежыць ад правяральшчыкаў. Як паставяць пытанне перад людзьмі і да якой катэгорыі пойдуць размаўляць. Гэта калі шчыра казаць пра тое, як яно ёсць насамрэч”.

Скептычна ён ацэньвае і паказчыкі свайго аддзела паводле ўзроўню раскрывальнасці крымінальных злачынстваў.

Юрый Мароз: “Недапрацоўваем. Бярэм тое, што ляжыць на паверхні. Практычна, з вялікага валу мы выхопліваем пэўныя часткі, але глыбока не працуем. Нармальныя паказчыкі для Барысаўскага раённага ўпраўлення, я лічу, гэта дзесьці за 50 адсоткаў раскрывальнасці”.

Прычына ж у тым, кажа палкоўнік, што людзей даводзіцца адрываць ад іх непасрэднай працы на выкананне другасных задач. Напрыклад, праводзіць дактыласкапію насельніцтва.

Юрый Мароз: “Розныя адпрацоўкі, у тым ліку і па выбуху. Як бы там ні было, але асабовы склад адцягваюць на працу чыста тэхнічную, механічную – дзень за днём праводзіць дактыласкапію. А вынікі, скажам так, нябачныя. Прафілактычныя мерапрыемствы – таксама адрываюць асабовы склад. У поўную моц працуе толькі вышук, а задача, каб працавалі ўсе”.

Паводле афіцыйных дадзеных апошняга маніторынгу, барысаўскай міліцыі давярае каля 30% мясцовага насельніцтва. Перадапошні паказчык – 40%. Таму, чаму прыз далі менавіта ім, Юрый Мароз дакладна не ведае.

Дарэчы, некалькі тыдняў таму начальнік Баранавіцкага ГАУС Юрый Сняжко падаў рапарт аб пераводзе на іншае месца працы. Нагодай стала тое, што, згодна з вынікамі апытання, баранавіцкім міліцыянерам давярае толькі 25,3% гараджан. Гэта быў самы нізкі ўзровень у Брэсцкай вобласці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі