Следчыя затрымалі падазраваных у двайным забойстве ў Асіповічах
Следчыя затрымалі двух чалавек, падазраваных у двайным забойстве ў Асіповічах, інфармуе прэс-служба ведамства.
Як распавядала Еўрарадыё, целы двух чалавек знайшлі ў прыватным доме 13 ліпеня. Абодва яны мелі агнястрэльныя раненні. Выявілася, што гэта 49-гадовы гаспадар дома і яго 26-гадовы пляменнік.
Спярша па падазрэнні ў забойстве праваахоўнікі затрымалі двух мясцовых жыхароў. Але высветлілася, што яны не маюць дачынення да забойства, таму мужчын вызвалілі.
Цяпер па падазрэнні ў забойстве супрацоўнікі спецпадраздзялення "Алмаз" затрымалі двух раней судзімых мужчын — 39-гадовага жыхара Асіповіцкага раёна і 42-гадовага жыхара Любанскага раёна. З імі праводзяцца следчыя дзеянні. Следчыя знайшлі агнястрэльную зброю, з дапамогай якой, як мяркуецца, было ўчыненае злачынства.
Таксама праваахоўнікі затрымалі 47-гадовага брата аднаго з падазраваных: яны правяраюць, ці не дапамагаў ён у супрацьпраўных дзеяннях.