Служба аховы: На канцэрт ці матч у паранджы прапусцім, хоць і пасля дагляду

Служба аховы: На канцэрт ці матч у паранджы прапусцім, хоць і пасля дагляду

У Латвіі забароняць насіць хіджаб і паранджу ў грамадскіх месцах. Па словах міністра юстыцыі Дзінтара Расначса, праект такога рашэння мусіць ухваліць урад краіны.

“Гэтая забарона неабходная не толькі для забеспячэння грамадскага парадку і бяспекі, але і для абароны культурных каштоўнасцяў Латвіі, нашай агульнай грамадска-культурнай прасторы і кожнага асобнага індывіда”, — гаворыць палітык у эфіры тэлеканала LNT.

Служба аховы: На канцэрт ці матч у паранджы прапусцім, хоць і пасля дагляду
Да 2010 года ў Францыі можна было насіць паранджу ў грамадскіх месцах. Фота: beon.ru

Латвія — не першая еўрапейская краіна, якая ўводзіць забарону на нашэнне паранджы. Напрыклад, Францыя яшчэ ў 2010 годзе забараніла з’яўляцца ў грамадскіх месцах у нікабе, масках, балаклавах, паранджы і нават у шлемах або капюшонах. Забарона распаўсюджваецца і на мужчынаў, і на жанчын. Пры гэтым у Францыі самая буйная мусульманская дыяспара ў Еўропе — 5 мільёнаў мусульман.

Падобныя забароны дзейнічаюць у Нідэрландах і Бельгіі. Забаронена насіць мусульманскую бурку ў дзяржаўных установах некаторых гарадоў Іспаніі, Італіі і Даніі, а таксама на тэрыторыі нямецкай зямлі Гёсэн.

Акрамя гэтага, такая вопратка забароненая ў дзяржаўных установах некаторых мусульманскіх краінаў. Сярод іх — Турцыя, Туніс, Кыргызстан, Туркменістан, Таджыкістан, Узбекістан, Казахстан і Азербайджан.

Служба аховы: На канцэрт ці матч у паранджы прапусцім, хоць і пасля дагляду
У дзяржаўных установах Узбекістана хіджабы забароненыя. Занятак ва ўніверсітэце Ташкента. Фота: wiut.uz

У службе аховы аднаго сталічнага культурна-спартовага комплексу Еўрарадыё распавядаюць, што жанчын у паранджы на канцэрт або матч прапусцяць, хоць перад гэтым яны павінныя будуць прайсці пільны дагляд.

Прадстаўніца адміністрацыі школы горада Іўе, дзе мусульмане жывуць стагоддзямі, распавяла нам, што сярод вучняў іх установы ёсць дзяўчынка-мусульманка, яна прыходзіць у хустцы і спадніцы. У школе гэта дазволена. “У хіджабах ніхто не прыходзіў, але напэўна з разуменнем паставіліся б і да хіджабу”.

У адміністрацыі некаторых мінскіх школаў нам адказваюць, што не ведаюць, ці можна прыходзіць у такой вопратцы ва ўстановы, маўляў, такіх прэцэдэнтаў не было.

Намесніца Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка паведамляе, што “беларускім заканадаўствам аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях не рэгламентаваны парадак нашэння грамадзянамі хустак (хіджабаў), паранджы ў грамадскіх месцах”.

Калі не забаронена, тады дазволена.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі