СМІ: Насцю Рыбку з Тайланда дэпартуюць у Беларусь
Насцю Рыбку (Анастасію Вашукевіч) з Тайланда дэпартуюць у Беларусь. Пра гэта паведамляе ria.ru са спасылкай на адваката Ваніду Сайлахіт. Беларуска была затрыманая паліцыяй разам з вялікай групай удзельнікаў сэкс-трэнінгу, які праводзіў у Тайландзе Аляксандр Кірылаў (Алекс Леслі). У мерапрыемстве, якое паліцыя назвала “нелегальным”, удзельнічала некалькі дзясяткаў расійскіх турыстаў. У сераду затрыманыя (8 расіян, беларуска Насця Рыбка і адзін грамадзянін Латвіі), былі пераведзеныя ў іміграцыйную турму ў Бангкоку. Расіян чакае дэпартацыя ў Расію, а грамадзянку Беларусі вернуць на радзіму. Праўда, толькі пасля вынясення рашэння суда па іх справе. За “нелегальную працоўную дзейнасць” затрыманых чакае штраф ці турэмнае зняволенне.
Тым часам з’явілася інфармацыя, што Алекс Леслі, нібыта, звярнуўся ў консульства ЗША з мэтай атрымання палітычнага прытулку. А Насця Рыбка паведаміла, што гатовая перадаць амерыканскай прэсе інфармацыю пра… сувязі Расіі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. У пачатку лютага беларуска стала гераіняй скандальнага карупцыйнага расследавання расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.