СМІ: У Мінску затрымалі заснавальніка КВЗ у Беларусі прадзюсара Віталя Новікава
19 красавіка сілавікі затрымалі вядомага беларускага прадзюсара, музыканта, актора і бізнэсоўца Віталя Новікава. Пра гэта паведамляе партал tut.by са спасылкай адразу на некалькі інфармаваных крыніцаў.
Блізкі сябар Новікаваў паведаміў журналістам: "Так, учора яго затрымалі. Ён знаходзіцца на Акрэсціна". Паведамляецца, што апошнім часам Новікаў займаўся падрыхтоўкай спектакля, які мусіў выйсці 23 красавіка.
Віталь Новікаў нарадзіўся 21 верасня 1959 года. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці "рэжысура тэатра". Ён працаваў у Мінскім ТЮГу, тэатры "Малая сцэна", ансамблі "Песняры". Новікаў з'яўляецца заснавальнікам КВЗ у Беларусі, таксама ён заснавальнік тэлевізійнай творчай групы "АМіК" (Беларусь). У 2009 годзе дэбютаваў як актор у тэлесерыяле "Залатая краіна". Як прадзюсар Новікаў прывозіў у Мінск вядомых расійскіх артыстаў, падтрымліваў музычныя праекты. Ён дзін з заснавальнікаў радыёстанцыі "Юмор-ФМ".
Дарэчы, сёння намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю — дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігар Маршалаў паведаміў, што ў Мінску затрымалі групу ілжэпрадпрымальнікаў. На чале групы, па яго словах, быў "дастаткова вядомы ў краіне чалавек". Па словах Маршалава, затрыманы "разам са сваёй легальнай дзейнасцю ў сферы забаваў арганізаваў незаконны бізнэс па аказанні паслуг суб'ектам рэальнага сектара эканомікі па ўхіленні ад выплаты падаткаў".
У арганізаванай злачыннай групы сілавікі канфіскавалі больш за 180 пячатак розных прадпрыемстваў, у тым ліку нерэзідэнтаў Беларусі. Паводле аператыўных звестак, у гэтай злачыннай групе налічваецца больш за 1,1 тыс. контрагентаў. Сумы нявыплачаных падаткаў у некаторых контрагентаў перавышаюць 3-4 млрд рублёў.
Імя затрыманага "дастаткова вядомага чалавека" сілавікі не называюць. Затрыманне Новікава не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць.