Смокінг напракат каштуе даражэй за Porsche!

Міхаіл Мясніковіч, наведваючы Кітай, не носіць свой знакаміты гадзіннік за 37 тысяч долараў. На здымку з сустрэчы з кіраўніцтвам інвестыцыйнай кампаніі CIC (якой, дарэчы, належыць 12,5% акцый “Уралкалія”) замест прамавугольнага Girard-Perregaux на руцэ прэм’ера — круглы гадзіннік неапазнавальнага брэнду:

Магчыма, беларускі прэм’ер хоча зрабіць у Кітаі ўражанне сціплага чалавека. Усё ж такі камуністычная краіна. Але ёсць і іншыя версіі. Высветліць, адкуль у Міхаіла Уладзіміравіча такі дарагі гадзіннік, так і не атрымалася. А сфатаграфавалі яго з Girard-Perregaux на руцэ толькі аднойчы — на “Беларускім інвестыцыйным форуме” ў 2012 годзе:

Калі выключыць варыянт дарагога падарунку, можна меркаваць, што Мясніковіч узяў гадзіннік напракат.

Што дазволена прэм'ер-міністру, тое дазволена і Еўрарадыё! Мы спрабуем узяць напракат гадзіннік Мясніковіча. Салонаў, дзе гандлююць элітнымі хранометрамі, у Мінску няшмат. А сапраўдныя Girard-Perregaux дык і ўвогуле можна знайсці хіба што ў буціку на вуліцы Камсамольскай.

“Не, не. Пракат — няма такой дадатковай функцыі. Толькі набыць гадзіннік можна. Узровень “люкс”… Думаю, ніводная крама не дасць вам іх у пракат”, — распавядае Еўрарадыё супрацоўніца буціка.

У іншай краме Еўрарадыё рэкамендуюць пашукаць дарагі гадзіннік у ламбардзе. Але наўрад ці менавіта там “знайшоў” свой Girard-Perregaux прэм’ер Мясніковіч.

Звяртаемся ячшэ ў некалькі буцікоў — глуха. Заадно пытаемся пра дарагія жаночыя ўпрыгожанні, якія ляжаць на вітрынах побач з элітнымі гадзіннікамі. Але іх здаць напракат таксама ніхто не пагаджаецца.

Цяпер нам цікава, ці можна ў Мінску ўзяць напракат элітныя рэчы. Такія, што навядуць шораху ў Dozari, зробяць уражанне на прэзідэнта суседняй краіны і дапамогуць заваяваць любую дзяўчыну. Найперш трэба перасесці на рэспектабельныя “колы”. Нас цікавіць Bentley Continental — на гэтым шыкоўным аўто два гады таму трапіў у аварыю вядомы хакейны трэнер Міхаіл Захараў.

“Мы такімі паслугамі не займаемся, — адказваюць у аўтасалоне. — Дзе ў Мінску можна ў пракат узяць Bentley, нават не падкажам”.

Захараў пасля аварыі перасеў на Cadillac CTS. Але мы вырашылі, што больш пафасу ў Porsche.

“Тэарэтычна магчыма, — абрадавалі Еўрарадыё ў салоне Porsche. — Але практычна — не, бо цяпер усе машыны занятыя”.

Апошні Cayenne — як шкада! — нядаўна прадалі, а новыя ў Беларусь яшчэ не прыехалі: “У нас пакуль што ёсць толькі Panamera. Але і яны ўсе занятыя нашымі кліентамі, якім мы даём падменны аўтамабіль у выпадку доўгатэрміновага рамонту”.

Карацей, бліжэй да вясны будзе нам Porsche. Дакладных коштаў пракату ў салоне не назвалі, але сказалі — “у раёне 100 еўра за суткі”.

Bentley ж — побач з лімузінамі і хамерамі — можна знайсці ў пунктах пракату дарагіх аўтамабіляў. Пракат Bentley Arnage з кіроўцам каштуе 60-70 долараў за гадзіну. Ёсць і Bentley Continental — 80-100 баксаў за гадзіну.

А вось уразіць суразмоўцу ўзятым напракат тэлефонам Vertu не атрымаецца. У салоне на плошчы Свабоды Еўрарадыё адмовілі:

“На жаль, наўрад ці ў Мінску нехта займаецца такімі паслугамі. Vertu напракат — такіх салонаў дакладна няма, каб давалі”.

У буціку Corneliani, вопратку з якога носіць Аляксандр Лукашэнка, таксама адмовіліся даць гарнітур на вечар. Параілі пашукаць у інтэрнэце. А вось узяць напракат смокінг можна ў кожным другім вясельным салоне. Кошт пытання — ад 700 тысяч да 2 мільёнаў. Смокінг даражэйшы за Porsche!

Фото: government.by, Антон Матолька.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі