Снапкоў: ці гатовая Расія купляць не палову нашага экспарту, а 80-90%?
Расія купляе мала беларускай прадукцыі. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў падчас выступу на панэльнай сесіі 25 Пецярбуржскага міжнароднага эканамічнага форуму.
"У расійскай эканоміцы дзве траціны ВУП генеруе ўнутраны рынак, а ў беларускай гэтыя ж дзве траціны — знешні гандаль. Не маючы ёмістага ўнутранага рынку, Беларусь можа адмовіцца ад экспартаарыентаванай мадэлі эканомікі толькі коштам істотнага зніжэння ўзроўню жыцця і дабрабыту", — прыводзіць яго словы газета "СБ. Беларусь сегодня".
Менавіта таму беларусь заўжды клапацілася пра экспартныя рынкі і выбудоўвала адносіны з ЕС, Кітаем, Украінай, а таксама ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.
"Ці можа Расія стаць тым рынкам, які прыме не палову нашых экспартных аб'ёмаў, як цяпер, а 80-90%? На розных этапах мы атрымлівалі ад расійскага боку адказы ў розных фармулёўках, але агульны іх сэнс зводзіўся да таго, што гэта немагчыма", — распавёў чыноўнік.
Ён нагадаў, што юрыдычна ў Саюзнай дзяржаве і пазней у Еўразійскім эканамічным саюзе краіны абвясцілі пра стварэнне адзіных унутраных рынкаў. Але практычна, кажа Снапкоў, гэтага не адбылося, бо існуе розніца ў тарыфах на энерганосьбіты, у механізмах субсідзіравання, а таксама шматлікія выключэнні і абмежаванні, асабліва ў галіне дзяржаўных закупак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.