Спартыўны дырэктар ХК "Дынама-Мінск" падаў прашэнне аб адстаўцы
Алег Іваноў пайшоў на гэты крок пасля ўчорашніх заяваў кіраўніка дзяржавы.
Пра адстаўку спартыўнага функцыянера паведамляе газета "Прессбол".
На аўторкавай сустрэчы з кіраўнікамі некаторых беларускіх СМІ Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму хакеістаў мінскага "Дынама": "Узялі, кармушкі пастваралі. Папрасіў паказаць мне заробак хакейных функцыянераў. Пятроў, дырэктар клуба... Іваноў, Сідараў і іншыя. 92 мільёны ў месяц! У тры разы больш, чым заробак прэзідэнта. За што ў гэтым годзе дынамаўскім гульцам плаціць? Яны нагадзілі ў душу любому беларусу больш, чым хто-небудзь іншы".
Ігар Матушкін, які займаў пасаду спартыўнага дырэктара "Дынама" ў мінулым сезоне, па неафіцыйнай інфармацыі зарабляў каля 200 тысяч долараў у год — без бонусаў і прэміяльных.
Фота — pressball.by