Спектакль “Пінская шляхта” і Мінск-арэна — лаўрэаты дзяржпрэміі

Спектакль Купалаўскага тэатра “Пінская шляхта” і спартовы комплекс “Мінск-Арэна” — сярод лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Агулам жа ганаровую ўзнагароду і 3,5 тысячы базавых велічынь (амаль 4 тысячы долараў) атрымаюць 16 чалавек. Адпаведны ўказ 9 верасня падпісаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае БЕЛТА.



Указам прысуджаныя тры прэміі ў галіне навукі і тэхнікі ды тры прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры — “за працы, якія характарызуюцца навуковай навізной і маюць значную эканамічную эфектыўнасць ці сацыяльную значнасць для Беларусі, а таксама атрымалі шырокае прызнанне беларускай і міжнароднай грамадскасці”.



Прэмію ў галіне навукі і тэхнікі атрымалі тры навукоўцы, якія ўпершыню сінтэзавалі больш за 100 новых злучэнняў. Яшчэ тры навукоўцы распрацавалі і ўкаранілі галаграфічныя сродкі абароны ад падробкі каштоўных папер.



Акрамя таго, дзяржпрэміяй у галіне навукі і тэхнікі адзначаная праца “Распрацоўка і асваенне вытворчасці спецыяльных колавых шасі і цягачоў чацвёртага пакалення ваенна-тэхнічнага і двайнога прызначэння".



У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры адзначаны спектакль "Пінская шляхта" па п'есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Прэмія прысуджаная народнаму артысту Беларусі Віктару Манаеву, мастаку-пастаноўшчыку Вользе Мацкевіч і кампазітару Андрэю Зубрычу.



За выдатныя дасягненні вакальнага і выканаўчага майстэрства дзяржаўнай прэміяй уганараваная вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Ніна Шарубіна.



Прэміяй адзначаны і аўтарскі калектыў, які стварыў культурна-спартыўны комплекс "Мінск-Арэна".



Фота — kupalauski.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі