Справа байца АТА, затрыманага на мінскім вакзале: Пісталет аказаўся не баявы

Справа байца АТА, затрыманага на мінскім вакзале: Пісталет аказаўся не баявы

У Фрунзенскім раёне Мінска праходзіць суд над байцом АТА (антытэрарыстычнай аперацыі, якая праходзіць на ўсходзе Украіны) Тарасам Аватаравым, затрыманым на чыгуначным вакзале сталіцы 26 лістапада 2015 года. Ён пачаўся з неспадзяванкі. Усяго арсеналу, які з падачы праваахоўнікаў паказалі на ўсю краіну па ТБ, у абвінавачванні папросту няма. У прыватнасці, дзяржабвінаваўца нічога не сказаў пра пісталет Макарава, які з помпай паказалі па тэлебачанні. Аказалася, што гэта сігнальны пісталет, які не быў зараджаны. 

Тараса абвінавачваюць у правозе на тэрыторыю Беларусі ручной аскепкавай гранаты. Паводле словаў дзяржабвінаваўцы, яе перавезлі на аўтамабілі “Дэу Ланас” праз памежны пункт “Новая Гута”. Потым перакладнымі электрычкамі — з Гомеля ў Жодзіна і ў Мінск.  

Сведка на судзе, які быў панятым падчас затрымання Тараса Аватарава, апісаў, якія рэчы канфіскоўвалі ў Аватарава:

“Даведку наконт “Правага сектара”, чорна-чырвоны сцяг, шэўроны, чырвона-чорная свастыку (верагодна, сведка памыляецца, абвінавачванне нічога не паведамляла пра свастыку — Еўрарадыё), чорны пацёрты пісталет, які, як мне сказалі, не баявы, і гранату з падствольнага гранатамёту. Ведаю, як яна выглядае, таму што сам служыў…”.

Тараса Аватарава абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 295  (“Незаконныя дзеянні ў адносінах боепрыпасаў”) і частцы 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэксу (“Кантрабанда”).

“Не, я не перамяшчаў ніякай зброі. Калі экспертыза палічыла вучэбную сігнальную гранату — зброяй, то прызнаю абвінавачванні часткова”, — адказаў Тарас суддзі.  

Дапытвалі і маладога патрульнага міліцыянера, які затрымліваў Аватарава:

“Пабачылі грамадзяніна, які спаў. З-пад курткі тырчала бронекамізэлька. Вырашылі спытацца, чаму ў такім выглядзе, адкуль ён. Падышлі, пабудзілі, спыталіся. Ён сказаў, што Канстытуцыяй не забаронена знаходзіцца ў бронекамізэльцы. Вырашылі праверыць яго па базах і папрасілі прайсці ў дзяжурную часць. Потым з ім паразмаўлялі больш дасведчаныя супрацоўнікі. Цікавіліся, ці ёсць у яго забароненыя рэчывы. Пры сабе ў яго быў заплечнік. Зайшлі ў пакой следча-экспертнай групы. Потым быў праведзены асабісты дагляд. Рэчы даставаць пачалі самі. Пабачылі гранату, здаецца, у правай кішэні курткі, яе дастаў аператыўны супрацоўнік. Да яго ўжылі спецсродкі. Пры ім быў пісталет, пашпарт, карткі, папера аб тым, што ён удзельнічаў у баявых дзеяннях, сцяг…”.

У цэлым Тарас Аватараў паводзіць сябе на судзе вельмі смела. Ад самага пачатку ён зрабіў некалькі гучных заяваў. Перш-наперш забараніў здымаць сябе расійскім СМІ, хоць журналісты закон не парушалі.

“Я абараняў Айчыну, а што вы рабілі ва Украіне?” — звярнуўся абвінавачаны да расійскіх журналістаў.

Тарас папрасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці па амністыі ў сувязі з угодкамі Перамогі.

Таксама абвінавачаны папрасіў сустрэчы з кіраўніком КДБ Валерыем Пятровічам (Вакульчыкам — Еўрарадыё), якога лічыць “понимающим” чалавекам. З імі захацеў пагутарыць наконт нейкіх “унутраных” спраў і каб не выказвацца перад СМІ “аб гвалце і катаванні, з якім сутыкнуўся ў СІЗА”.   

“Таксама я не быў азнаёмлены з матэрыяламі справы, следчы патрабаваў, каб я азнаёміўся з імі менш чым за 4 гадзіны”, — не пераставаў выкрываць Тарас Аватараў праваахоўную сістэму.  

Абвінавачаны з выклікам усміхаўся, калі слухаў пракурора, а найбольш смяяўся са слоў сведкі пра даведку “Правага сектара”.

Баец АТА: Затрыманы ў Мінску сапраўды ваяваў. Мы думалі, што ён вар'ят ці агент

Справа байца АТА, затрыманага на мінскім вакзале: Пісталет аказаўся не баявы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі