Справу журналіста, футбаліста і палітвязня Аляксандра Івуліна перадалі ў суд
Справу спартыўнага журналіста, футбаліста і палітвязня Аляксандра Івуліна перадалі ў суд, паведамляе сталічная пракуратура. Яго вінавацяць у "арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак". Сцвярджаецца, што 23 жніўня і 27 верасня мінулага года Івулін у складзе калоны пратэстоўцаў рухаўся па праезнай частцы праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ў Мінску, "блакуючы і заступаючы дарогу аўтамабілям", "на законныя патрабаванні" міліцыянераў "не рэагаваў".
У той час у вулічных акцыях удзельнічалі сотні тысяч чалавек. Іх усіх таксама плануюць адправіць пад суд?
Таксама яго абвінавачваюць ў тым, што ён сваім YouTube-канале нібыта "размяшчаў відэазапісы пабуджальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку дзейнай улады, дыскрэдытаваць палітычнае і сацыяльнае становішча ў краіне".
Івулін знаходзіцца за кратамі з пачатку чэрвеня. Спачатку ён адбыў 30 сутак адміністрацыйнага арышту (пакаралі за нібыта бел-чырвона-белы сцяг на акне), а пасля ўзялі пад варту на два месяцы (пасля тэрмін працягвалі) і перавялі ў СІЗА № 1. У ліпені Аляксандру Івуліну выставілі абвінавачванне.
Аляксандр Івулін — футбаліст "Крумкачоў", якія выступаюць у першай лізе чэмпіянату Беларусі. Незадоўга да свайго арышту ён забіў першы гол у складзе каманды (на відэа).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.